З 23 ліпеня па 2 верасня дабрачынная акцыя «Бягучыя гарады» праекту #velcombegom ўпершыню пройдзе ва ўсіх рэгіёнах краіны і кіне выклік аматарам бегу, якія цэняць здаровы лад жыцця і хочуць дапамагчы дзецям. Удзельнікамі акцыі стануць жыхары ўсіх населеных пунктаў Беларусі, а бенефіцыярамі - дзіцячыя абласныя цэнтры медыцынскай рэабілітацыі. Агульны фонд дабрачыннай дапамогі складзе 165 000 рублёў. У Гродзенскай вобласці акцыя стартуе 20 жніўня.

Прыняць удзел у акцыі «Бягучыя гарады» змогуць усе жадаючыя: прафесійныя атлеты, аматары бегу і проста неабыякавыя людзі. У кожнай вобласці забег працягнецца 7 дзён, на працягу якіх удзельнікам трэба будзе выходзіць на прабежкі, а потым рабіць публікацыі ў сацыяльных сетках з указаннем свайго выніку і хаштэгамі: #velcombegom і дадатковымі хаштэгамі #brest, #vitebsk, #gomel, #grodno, #mogilev, #minsk.

У Гродзенскай вобласці дабрачынная дапамога будзе аказана ГУЗ «Гарадзенскі абласны цэнтр медыцынскай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і хворых дзяцей псіханеўралагічнага профілю».
Чым больш «кіламетраў дабра» прабягуць ўдзельнікі акцыі ў кожнай вобласці, тым большую суму атрымае мясцовы бенефіцыяр. Пераможца атрымае 40 000 рублёў, за другое месца — 35 000 рублёў, трэцяе — 30 000, чацвёртае — 25 000, пятае — 20 000 і шостае — 15 000 рублёў. Вынікі акцыі і пераможцы чэленджа агучаць 4 верасня на выніковай прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Акцыя арганізавана кампаніяй velcom пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя Беларусі.

— Міністэрства аховы здароўя з радасцю далучылася да акцыі «Бягучыя гарады». Такія дабрачынныя пачынанні не толькі папулярызуюць здаровы лад жыцця, але і прыцягваюць увагу грамадства да вырашэння важных пытанняў. Прыемна, што ініцыятывы #velcombegom з году ў год збіраюць усё больш паслядоўнікаў дзеля добрых і шчырых учынкаў. Бізнэс можа дапамагаць развіццю грамадства разам з дзяржавай. Спадзяюся, жыхары нашай краіны далучацца да акцыі «Бягучыя гарады», каб дапамагчы дзецям", — адзначыў міністр аховы здароўя Беларусі Валерый Малашка.

Даведка

Праект #velcombegom — дабрачынная спартыўная ініцыятыва кампаніі velcom, накіраваная на дапамогу дзецям і дзіцячым медыцынскім установам і адначасова на папулярызацыю здаровага ладу жыцця сярод беларусаў. Забегі #velcombegom праводзяцца штогод, пачынаючы з 2015 года. #velcombegom з’яўляецца адной з найбольш маштабных сацыяльных ініцыятыў velcom. Па выніках мінулых дабрачынных забегаў фінансавую падтрымку атрымалі шмат рэгіянальных і рэспубліканскіх медыцынскіх установаў.