У маі 2018 года Гродзенскае дабрачыннае таварыства звярнулася да людзей з просьбай дапамагчы Ягору Дузю – хлопчыку з сіндромам кароткай кішкі, на падтрыманне жыцця якога штогод патрабуецца 18035 рублёў.
На просьбу дапамагчы Ягору адгукнулася вялікая колькасць людзей, арганізацый і прадпрыемстваў. За месяц ўдалося сабраць 29721 рублёў, а гэта ў паўтары разы больш, чым прасілі. Грошы перавялі на дабрачынны рахунак бацькоў Ягора. Яны ўдзячныя кожнаму, хто дапамог.
«Як пражыць да аперацыі?» Сям’я хворага хлопчыка з Гродна просіць дапамогі
– Справы ў нас цяпер нашмат лепш, – распавядае мама Ягора, Юлія. – І нашмат лягчэй на душы, бо мы ўпэўненыя, што ў заўтрашні дзень нам будзе чым накарміць дзіця. Цяпер мы можам купіць ўсе неабходныя прэпараты, дзякуючы якім ён будзе працягваць жыць, харчавацца, расці.

– Мы не чакалі, што так хутка адгукнецца такое мноства людзей. Для нас гэта вельмі шмат значыць… Так прыемна ўсведамляць, што ў свеце ёсць столькі неабыякавых да чужой бяды. Нам пісалі, тэлефанавалі, дасылалі дапамогу, дапамагалі людзі з усёй краіны. А хто не мог падтрымаць матэрыяльна, падтрымлівалі і словам, і парадай. Немагчыма перадаць словамі ўсю падзяку… Дзякуй усім добрым людзям ад усяго сэрца за дапамогу і падтрымку!
Гродзенскае дабрачыннае таварыства выказвае падзяку усім, хто аказаў дапамогу Ягору і яго сям’і.