Гродзенскі “Нёман” з лікам 5:1 быў разгромлены ў Віцебску мясцовай камандай. Параза 14 ліпеня стала для каманды Ігара Кавалевіча другой запар.

Нагадаем, паразай у Брэсце скончыў “Нёман” першы круг чэмпіянату. Цяпер буйнай паразай пачаў другі. І гэта нягледзячы на ​​тое, што гульня спачатку складвалася для гродзенскай каманды добра.

У першым тайме пасля роўнага пачатку гаспадары пры дапамозе пенальці адкрылі лік на 16-й хвiлiне. Гродзенцы праз 7 хвілін адыграліся, таксама дзякуючы адзінаццаціметроваму ўдару, які рэалізаваў Жукоўскі. Але да перапынку “Вiцебск” здолеў забіць “Нёману” яшчэ два мячы.

У другiм тайме актыўны “Віцебск” не збавіў абароты i пайшоў дабіваць гродзенцаў. Жураву яшчэ двойчы прыходзілася вымаць мяч з сеткі варот.  Футбалісты “Нёмана” спрабавалі ісцi да варот суперніка, але забіць у матчы так больш і не змаглі.

“Віцебск” – “Нёман” – 5:1

“Нёман” працягвае падаць у турнірнай табліцы. З 25 ачкамі гродзенцы займаюць сёмае месца.

Наступны матч “Нёман” правядзе ў Гродне 20 ліпеня – будзе прымаць “Слуцк”.