У зефірна-ваздушную прастору ператварыўся 11 ліпеня рэстаран «Бакст». Тут праходзіла «Ванільная вечарынка» — першая ў новым сезоне сустрэча ўдзельніц конкурса «Лепшая мама Гродна-2018». Цягам наступных двух месяцаў горад будзе сачыць, як сярод 16 лепшых мамаў будуць выбіраць самую лепшую.
Вечарыну задумалі так, каб і дзеці адчувалі сябе свабодна і камфортна. Старэйшыя з іх важна здымалі сваіх мам падчас дэфіле ў модных строях. Малодшыя — усё непасрэдныя і вельмі-вельмі прыбраныя — віліся вакол мам ці гулялі з паветранымі шарыкамі.
Дарослым гасцям таксама не было сумна на імпрэзе — фотазона, выступленні, конкурсы і падарункі - ўсё было створана для лёгкага і вясёлага адпачынку.
Арганізатары праекта, Ірына Шапавалава і Алена Цыганок, падзяліліся з Hrodna.Life ўражаннямі ад адкрыцця: «Вельмі прыемна назіраць за мамамі-удзельніцамі мінулага сезону і бачыць, як такое ж моцнае сяброўства нараджаецца паміж новымі ўдзельніцамі. Ды яны і самі, пазіраючы ў бок леташніх лепшых мам, робяцца больш адкрытымі.
Самая галоўная наша мэта — зрабіць свята для людзей. Калі мы бачым, што пасля вечарынкі яны забіраюць у свой дом ўсмешкі і добры настрой — яна дасягнута".