Асноўная мэта рэканструкцыі – трохразовае павелічэнне прапускной здольнасці да 6 тыс. транспартных сродкаў у суткі (3,5 тыс. легкавых, 2,4 тыс. грузавых, 100 аўтобусаў). Пра гэта паведаміў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрый Сянько на пасяджэнні грамадска-кансультатыўнага савета пры ДМК.

У пункце пропуску ўпершыню будзе прадугледжана рэверсіўная канальная сістэма для афармлення транспартных сродкаў з 32 каналаў – па 16 у кожным кірунку. У залежнасці ад колькасці транспартных сродкаў на ўезд або выезд з краіны, лік каналаў можна будзе змяняць па напрамках руху. “Быў стары праект, і мы яго перапрацавалі з улікам сённяшніх рэалій. Гэтая сістэма дазволіць зрабіць працу пункта пропуску больш зручнай”, – адзначыў старшыня ДМК.

Значна паскорыць правядзенне мытнага кантролю дазволіць ўстаноўка стацыянарнага інспекцыйна-надгляднага комплексу замест наяўнага зараз мабільнага. Акрамя таго, на тэрыторыі рэспубліканскага пункта мытнага афармлення будзе ўкаранёна тэхналогія аўтаматызаванага электроннага размеркавання аўтамабіляў па месцах стаянкі.

Падчас рэканструкцыі “Каменнага Лога” нагрузка і транспартныя патокі будуць пераразмеркаваны на іншыя пункты пропуску, размешчаныя на беларуска-літоўскай мяжы. “Цяпер мы вядзем актыўныя перамовы з памежнай службай нашай краіны, мытнікамі і памежнікамі сумежных краін для прыняцця ўсіх неабходных рашэнняў, каб на час рэканструкцыі пункта пропуску планава перавесці ўсе патокі на тыя ўчасткі, дзе мы можам забяспечыць афармленне транспартных сродкаў”, – дадаў Юрый Сянько.

Работы па рэканструкцыі пункта пропуску “Каменны Лог” плануецца ажыццявіць за кошт пазыковых сродкаў Еўрапейскага інвестыцыйнага банка.