Выстава пад назвай People. Places. Processes. адкрыецца 10 ліпеня ў Кіеве. Сярод фатографаў з Малдовы, Арменіі, Грузіі і Украіны выставіцца і адзіны беларус і гродзенец — Аляксандр Саенка.
Сем фотамастакоў з краін Усходняга партнёрства прадэманструюць сваё бачанне правоў чалавека, праблем дыскрымінацыі, сацыяльнай справядлівасці, карупцыі і беднасці. Гэтыя вострыя праблемы аб’ядноўваюць грамадзян, збіраюць шматтысячныя дэманстрацыі, фармуюць светапогляд сучаснага чалавека.
Для выставы People.Places.Processes. Аляксандр выбраў фота са сваёй серыі «Едакі». Гэта здымкі безпрытульных і маламаёмасных, якія прыходзяць у каталіцкі кляштар па бясплатны абед. Як пішуць арганізатары, «у сваёй мастацкай манеры Саенка перадае стан ўразлівасці гэтых людзей. Знаходзячыся тут, яны не проста могуць атрымаць бясплатную ежу, яны таксама на імгненне забываюць пра адзіноту».
Гэты праект Аляксандр называе самым важным для сябе, бо падчас фатаграфавання ён меў зносіны з гэтымі людзьмі. Затым ён раздрукаваў свае здымкі, вывешваў іх у тым прытулку і раздаваў сваім героям. Мастак кажа, што некаторыя людзі нават былі здзіўлены, зірнуўшы на сябе з боку. А іншыя насілі гэтыя здымкі ў сваіх кішэнях, як рэліквію.
Арганізатар выставы — Рэгіянальны офіс «Дыялог Усходняя Еўропа» Фонду імя Фрыдрыха Эберта, найстарэйшага палітычнага фонду Германіі, распаўсюджвае асноўныя ідэі і каштоўнасці сацыял-дэмакратыі: свабоду, справядлівасць і салідарнасць. Выстава будзе доўжыцца з 10 па 15 ліпеня ўключна ў Нацыянальным музеі Тараса Шаўчэнкі.