У канцы чэрвеня ў сэрвісе “Яндэкс. Калекцыі” папулярнага расійскага пошукавіка з’явіўся раздзел “Славутасці Беларусі”. Згодна з сабранымі кампаніяй дадзенымі, Гродзенская вобласць лідзіруе па колькасці касцёлаў і па колькасці заказнікаў.
Акрамя прыгожых фотаздымкаў, у кожнай славутасці ў калекцыі ёсць апісанне і адзнака на карце, каб хутчэй можна было будаваць маршрут.
У кампаніі адзначаюць, што калекцыя спатрэбіцца ўсім, хто хоча даведацца нешта новае пра гісторыю і культуру Беларусі. Разам з вельмі вядомымі помнікамі – Брэсцкай крэпасцю, Мірскім замкам ці Фарным касцёлам у Гродне – у ёй ёсць менш папулярныя, але не менш цікавыя славутасці, а нават такія месцы, якія могуць здзівіць дасведчаных краязнаўцаў, напрыклад паганскае капішча ў Мінску або бровар у Дубрава.
Усяго ў калекцыі сабрана тысяча славутасцяў. Амаль палова з іх – рэлігійныя будынкі: храмы, манастыры, капліцы і сінагогі. На другім месцы па ліку картак – музеі і манументы, іх у калекцыі больш за паўтары сотні.

“На стварэнне прадукту “Славутасці Беларусі” сышло некалькі месяцаў. Мы імкнуліся зрабіць яго максімальна зручным і поўным для беларусаў і лічым, што на дадзеным этапе развіцця нам гэта ўдалося. Мы працягнем удасканальваць праект і аб’явім аб новых магчымасцях у бліжэйшы час”, – распавёў Hrodna.life рэгіянальны менеджар “Яндэкс” па развіцці ў Беларусі Ягор Цыганок.
Усе славутасці з калекцыі адзначаны на Яндэкс.Картах – дзякуючы гэтаму карыстальнікі лёгка знойдуць цікавыя месцы і змогуць пабудаваць уласны маршрут.


