Гродзенская вобласць адмовілася ад бясплатнай перадачы пяцітомніка твораў нобелеўскага лаўрэата Святланы Алексіевіч, паведаміла Euroradio.fm 25 чэрвеня. Пра гэта распавёў старшыня праўлення Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка.

«У Гродзенскай вобласці ўвялі паняцце дастатковасці кніг і заявілі, што ў іх бібліятэках кніг дастаткова. Але ж гэта пераклады кнігі Алексіевіч, якіх раней не было! А гэта значыць, што дастатковасць кніг Алексіевіч у Гродзенскай вобласці - нуль?» — здзіўляецца банкір.

Бабарыка заклікаў бібліятэкі Гродзеншчыны ў прыватным парадку звяртацца ў абласное прадстаўніцтва Белгазпрамбанка за кнігамі нобелеўскага лаўрэата.


«Нікога не пакінем без увагі і без кніг». Бібліятэкі горада атрымаюць пяцітомнік Алексіевіч ад Белгазпрамбанка


Сродкі на выданне пяцітомніка першай беларускай нобелеўскай лаўрэаткі збіралі праз краўдфандынг. Гэты збор грошай стаў самым масштабным у гісторыі краўдфандынгу ў нашай краіне і прынёс у пяць разоў больш сродкаў, чым запланаваныя 40 тысяч рублёў. Большую частку сумы — 150 тысяч — пералічыў Белгазпрамбанк. Дзякуючы гэтаму праект «Галасы Утопіі», які складаецца з пяці кніг Святланы Алексіевіч, упершыню выдадзены на беларускай мове без цэнзарскіх правак.