Два тыдні спатрэбілася скульптару Ігару Тапчылку каб адрэстаўраваць статую Ісуса Хрыста ля ўваходу ў Фарны касцёл. Працы майстар завяршыў 21 чэрвеня і абноўленая векавая скульптура ў медным колеры сёння выглядае як новая.

Адным з важных момантаў рэстаўрацыю была замена моцна сапсаванай правай кісці рукі. Плануецца, што рамонту хопіць надоўга.

«На колькі хопіць рамонту — цяжка сказаць. Вельмі агрэсіўнае сонца, скульптура моцна награваецца. Іншы раз нават і не дакрануцца, — распавядае Ігар Тыпчылка. - Статую мы ўмацавалі і гэтага хопіць надоўга, а вось з афарбоўкай ўжо будзе цяжэй. З часам прыйдзецца ўсё роўна падфарбоўваць, але разбурэнняў быць не павінна».

Кісць майстар аднаўляў паводле фатаграфіі падобнай статуі Хрыста ў Варшаве. Вядома, што гродзенская скульптура Хрыста з’яўляецца амаль дакладнай копіяй варшаўскай статуі, якая з’явілася перад уваходам у базыліку святога Крыжа ў Варшаве ў сярэдзіне XIX стагоддзя.

Даведка

Статуя Хрыста з крыжам з’явілася ля ўваходу ў Фарны касцёл, як мяркуецца, у 1900 годзе. Пад ёй быў выбіты надпіс на лацінскай мове «SURSUM CORDA», у перакладзе «Узнясём сэрцы». Першапачаткова фігура Хрыста была павернутая ў іншы бок — спіной да плошчы. Верагодна, па загадзе царскіх уладаў. Гэта добра відаць на старых фотаздымках. У 1925 годзе пры польскай уладзе яе пераставілі тварам у іншы бок. Ужо ў савецкія гады, на думку старажылаў, пацярпела правая кісць статуі, якую пасля выразалі з дрэва.