Штогадовае шэсце праваслаўных вернікаў прайшло па вуліцах Гродна раніцай 17 чэрвеня, у дзень Сабору Усіх Беларускіх Святых. Сёлета шэсце было юбілейнае — дваццатае.
Крэсны ход пачаўся ад Свята-Пакроўскага сабора. Па шляху да вернікаў далучаліся прыхаджане з розных парафій горада. Канчатковай кропкай ходу стала царква на праспекце Купалы, збудаваная ў гонар Сабору Усіх Беларускіх Святых. Менавіта там адбылася Боская літургія, якую ўзначаліў архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій.
Штогадовае святкаванне Сабора Усіх Беларускіх Святых было вырашана ўнесці ў царкоўны каляндар 3 красавіка 1984 года. Рашэнне было прынята Святым Сінодам Рускай Праваслаўнай Царквы па ініцыятыве мітрапаліта Мінскага і Беларускага Філарэта. Для гродзенцаў гэтае свята асаблівае, на яго ў горадзе збiраюцца вернікі ўжо 20 гадоў.