У 12-м туры чэмпіянату Беларусі “Нёман” прымаў у Гродне барысаўкі БАТЭ. У напружанай гульні толькі ў канцоўцы госці здолелі вырваць перамогу ў гаспадароў. На 89-й хвіліне пераможны гол для БАТЭ забіў Скавыш. “Нёман” – БАТЭ – 2:3.

Барысаўчане адразу актыўна пачалі матч і здолелі адкрыць лік на 20-й хвіліне. Высакарослы Сігневіч замкнуў галавой падачу Стасевіча. Праз 9 хвілін госці павялічваюць сваю перавагу, дзякуючы голу Іваніча.

Але яшчэ да перапынку “Нёман” дадаў у гульні і здолеў адыграць адзін мяч. На 40-й хвіліне Якімаў далёкім ударам патрапіў у вароты Шчарбіцкага.

Са стартам другога тайма гродзенцы выйшлі на поле і сталі гуляць у больш агрэсіўны футбол. Уласна гэта і талент Мукама дапамаглі зраўняць лік. Французскі паўабаронца проста з нічога стварыў сабе момант і рэалізаваў яго. Футбаліст перахапіў мяч у абаронцаў барысаўскай каманды і выйшаў на рандэву са Шчарбіцкім. А далей была справа тэхнікі.

Здавалася б, гродзенцы ў родных сценах даб’юць чэмпіёна і пацешаць заўзятараў. Але як футбалісты Кавалевіча не стараліся, гульня наперадзе ў іх не ішла. У барысаўчан – наадварот, кожная атака ў канцоўцы матча станавілася ўсё вастрэйшай. На 89-й хвіліне госьці ўсё-такі здолелі забіць чарговы мяч, які і стаў пераможным.

“Нёман” – БАТЭ – 2:3

 

Ігар Кавалевіч пасля матчу:

“Крыўдна прайграваць на 90 хвіліне, але гэта трэба таксама прайсці. Мы шмат матчаў выйгралі на 90-й хвіліне. Трэба вярнуцца ў рэальнасць, каб каманда стала яшчэ мацней. З такой камандай як БАТЭ нам удалося вярнуцца ў гульню. У прынцыпе, акрамя ліку я задаволены гульнёй каманды. Асобныя індывідуальныя памылкі мы разбяром”.

Пасля паразы ад БАТЭ каманда Ігара Кавалевіча знаходзіцца на 6-м месцы з 21-м ачком у актыве. У наступным туры “Нёман” правядзе матч на выездзе – 23-га чэрвеня будзе сустракацца з камандай “Смалявічы”.