Дзве гродзенкі, 54- і 63-гадовая, калісьці страцілі грошы, якія ўклалі ў фінансавую піраміду МММ, і даўно пра гэта забыліся. У пачатку 2018 года да іх пачалі тэлефанаваць невядомыя, якія прадстаўляліся страхавымі агентамі. Яны запэўнівалі, што грошы ўсё яшчэ можна вярнуць — трэба толькі аплаціць банкаўскія выдаткі.
Ім паведамілі, што на іх рахунках назапасіліся буйныя сумы. Грошы можна было забраць хоць зараз, толькі аплаціўшы выдаткі па іх захаванні, расказалі ў прэс-службе міліцыі.
Жанчыны паддаліся на ўгаворы і адправілі ў Расію бязадрасныя пераводы. Кожны раз — ад 500 да 5000 долараў ЗША. Так 63-гадовая гарадзенка страціла 40 000, а 54-гадовая — 8000 долараў. Па артыкуле «махлярства» распачата крымінальная справа.