Акцыя «Вышыванка даўжынёй у Савецкую вуліцу» пройдзе ў Гродне ў Дзень вышыванкі 2 ліпеня. Акрамя таго, гараджан чакае незвычайны флэш-моб і маса іншых забавак.
Вышыванку на Савецкай плануецца скласці з дзіцячых малюнкаў - да ўдзелу ў акцыі запрашаюць дашкольныя ўстановы, аздараўленчыя лагеры і проста ўсіх жадаючых, паведамілі карэспандэнтам БелТА ў Гродзенскім аблвыканкаме.
Акрамя таго, побач з моладзевым цэнтрам размесціцца галоўная сцэна свята. Тут жа запланавана работа некалькіх пляцовак пад агульнай назвай «Азбука беларускага арнаменту». Можна будзе зрабіць аквагрым, прыняць удзел у майстар-класах па пляценню касічак і стварэнню традыцыйных лялек. Таксама будзе працаваць тэматычная фотазона.
Гродзенцам прапануюць стаць удзельнікамі масавага флэшмобу «Малюем малую радзіму». Для гэтага па Савецкай вуліцы будуць выстаўленыя дзясяткі мальбертаў.
Дзень вышыванцы адзначаць ва ўсіх раённых цэнтрах Гродзенскай вобласці. Грамадскія аб’яднанні правядуць акцыю «Падары вышыванку сябру», а таксама паўдзельнічаюць у традыцыйным ўручэнні распашонак-вышыванок нованароджаным. Сярод іншых падзей анансуецца фотаконкурс «Сэлфi-фота з вышыванкай». Пераможцу вызначаць у некалькіх намінацыях у рэжыме онлайн.
Фэст вышыванкi ўпершыню прайшоў у Гродне 10 верасня мінулага года. Яго арганізаваў мінчук Алесь Мазанік. Цэлы дзень у дворыку Цэнтра гарадскога жыцця (галерэі «Крыга») ішоў кірмаш, тут можна было сустрэць беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, паслухаць беларускiх музыкаў, патанчыць, а ўвечары — адправіцца гуляць у паб-квіз «Слава Воршы ўжо ня горша». І, вядома, набыць вышыванку.