Па стане на вечар аўторка абодва члена экіпажа былі жывыя — праходзілі абследаванне і лячэнне. Паводле папярэдніх ацэнак лекараў, пілот знаходзіцца ў цяжкім стане і як мінімум бліжэйшыя суткі правядзе ў рэанімацыі. Пасажыр самалёта таксама будзе знаходзіцца пад наглядам лекараў у гэтым аддзяленні, піша партал sb.by.
Нагадаем, учора каля 14.00 стала вядома пра крушэнне маторнага самалёта у Каробчыцах. На борце знаходзіліся 63-гадовы пілот і 60-гадовы пасажыр. У той час як пілот выбраўся з кабіны самастойна, пасажыра самалёта давялося дэблакіраваць выратавальнікам.
— Самалёт маркі ZLIN 42M чэшскай вытворчасці 1975 года выпуску атрымаў дазвол на выкарыстанне паветранай прасторы для палёту з 13 да 20 гадзін у Дэпартаменце па авіяцыі. Узляцеў у 13.10 і ўпаў каля 14 гадзін. Мабыць, была нейкая тэхнічная няспраўнасць, магчыма, у рухавіку. Пілот дасведчаны, былы ваенны лётчык, старшыня праўлення Асацыяцыі аматараў авіяцыі, у пасажыра таксама ёсць лётнае пасведчанне, — кажа гродзенскі транспартны пракурор вобласці Вячаслаў Шэцік.
Супрацоўнікі Дэпартамента па авіяцыі выехалі для таго, каб на месцы высветліць прычыну магчымай няспраўнасці самалёта. Да ўстанаўлення прычын аварыі крымінальная справа ўзбуджацца не будзе.