З пачатку 2018 года дызайнеры з усёй Беларусі стваралі калекцыі на конкурс New Names by Mark Formelle. Фінал прайшоў у Мінску 25 мая. Гродзенская дызайнерка Дар’я Гайдук стала лепшай не толькі на думку прафесійнага журы, але і паводле галасавання гледачоў.

Дар’я атрымала галоўны прыз конкурсу — 2000 рублёў, магчымасць калабарацыі з брэндам Mark Formelle, а таксама публікацыю ў вядомым беларускім часопісе ICON.

На конкурсе дызайнерка прадстаўляла жаночую калекцыю «FRIDA» — вопратку з элементамі маскуліннага крою. Калекцыя гродзенкі адрознівалася ад астатніх выверанасцю крою, акцэнтамі на дэталях, стрыманасцю і дастасаваннем да рэальных гарадскіх умоваў.

"Адзенне для дзяўчат з мужчынскім характарам". Дызайнерка з Гродна перамагла ў конкурсе New Names by Mark Formelle
Дар’я пасля перамогі
«Гэты конкурс праходзіў у рамках беларускага тыдня моды. У гэтым годзе ён быў прымеркаваны да першага Fashion Idea Festival, — распавядае Дар’я. — Для калекцыі ўсю тканіну давала кампанія Mark Formelle. У конкурсе я ўдзельнічала пяты раз і здолела нарэшце перамагчы. Мая пераможная калекцыя называецца «FRIDA» — вопратка з мужчынскага пляча. Яна прызначана для дзяўчат з мужчынскім характарам.

Перамога ў конкурсе — гэта безумоўна поспех, які дае магчымасць супрацоўніцтва з Mark Formelle. Вядома, што кампанія паводле маіх новых эскізаў выпусціць капсульную калекцыю ў продаж. Агулам для мяне гэта новы вопыт і вялікі рывок наперад".

Вось як сама дызайнер-трыумфатар апісвае сваю калекцыю:

«Гады з 1930-га да канца 50-х засталіся ў гісторыі, як залаты век мужчынскай класікі. Амаль у кожнага сённяшняга трэнду „растуць ногі“ з сярэдзіны XX стагоддзя. Тэма маёй калекцыі - маскулінны крой альбо вопратка „з мужчынскага пляча“. Мэта — сцерці мяжу паміж жаночым і мужчынскім. Паказаць навакольным, што ты жанчына, але з мужчынскім характарам. Асноўны інструмент для дасягнення неабходнага вобразу — гэта выкарыстанне драпаванага крою (шырокія плечы і грудзі, невялікія зморшчыны залішняй тканіны ля проймы, вузкі стан). І калі ў 80-х гадах мінулага стагоддзя шырокія плечы ў жаночых вобразах заяўлялі пра здольнасць дам лідзіраваць, кіраваць, падпарадкоўваць, то ў 2018 маскулінны сілуэт кажа пра здольнасць быць у камандзе і ісці на кампрамісы».