На платформе Talaka пачалi збiраць сродкi на агучванне па-беларуску мультсерыяла Miki Маўс. Студыя «Gavarun_by» плануе агучыць 25 серый з сезонаў 2013−2014 гадоў. Агульны час 25 серый — каля 85 хвілін.
Паводле арганізатараў, беларускамоўная прастора адчувае моцны дэфіцыт лакалізаванага па-беларуску медыякантэнту. Асабліва гэта адчувальна ў дзіцячым сегменце і з кантэнтам, які можна паглядзець анлайн, у патрэбны час, з любога месца Беларусі й свету.
За паўтара года студыя «Gavarun_by» ужо агучыла па-беларуску каля 40 поўнаметражных і кароткаметражных фільмаў і мультфільмаў, песень і разнастайных ролікаў, міні-серыял, тэлепраграму.
Лакалізаваныя па-беларуску серыі мультсерыяла будуць выкладваць на ютуб-канале студыі «Gavarun_by». Праваўладальнік, Disney Enterprises Inc, дазваляе выкарыстоўваць на ютубе аўдыявізуальнае змесціва з гэтых серый за выключэннем манетызацыі відэа, так што паглядзець мультфільм можна будзе цалкам легальна, без тэрытарыяльных абмежаванняў.
Рэалізаваць праект запланавана ў тэрмін да двух месяцаў пасля збору грошай, то бок кожны тыдзень будзе выкладацца каля трох новых серый. Беларуская версія гукавой дарожкі ствараецца па правілах закадравага агучвання. Відэашэраг таксама будзе часткова лакалізаваны.
Каб на ўласныя вочы і вушы паглядзець і пачуць, што за мультфільм, як гэта будзе выглядаць і гучаць, аўтары зрабiлi пілотную серыю. Глядзіце і зацэньвайце!