Яшчэ ў красавіку на вуліцы Вольгі Соламавай супрацоўнікі «Рэмбудаўтадора» пачалі паніжаць бардзюрны камень. Зараз актыўныя работы вядуць і ў цэнтры горада. У планах працоўных за летні перыяд максімальна палепшыць велаінфраструктуру Гродна.
Праблема з высокімі бардзюрамі ў горадзе існуе ўжо шмат гадоў і гэта нягледзячы на тое, што веларух ў Гродне развіваецца актыўна. Ды і тэма высокіх бардзюраў хвалюе не толькі веласіпедыстаў, але і інвалідаў, і мам з каляскамі.
Вялікі ўнёсак у вырашэнне пытання безбар’ернага асяроддзя ў горадзе робіць аб’яднанне «ВелаГродна», якое ў апошні час актыўна супрацоўнічае з аддзелам спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама.
«Мы вельмі хочам зрабіць горад даступным. Безбар’ернае асяроддзе не з’яўляецца выдумкай і капрызам раварыстаў. Гэта прынцып уладкавання гарадскога асяроддзя, пры якім горад адкрыты і прыязны для сваіх жыхароў: для актыўных людзей на роварах і самакатах, для сталых людзей, для бацькоў з дзіцячымі вазкамі, для інвалідаў-вазочнікаў і інвалідаў па зроку, — распавядае старшыня аб’яднання „ВелаГродна“ Юлія Каляда. — Зараз бардзюры — гэта перашкода для многіх перад купляй ровара або выкарыстаннем яго паўсядзённа. Пераадоленне высокіх бардзюраў - гэта фізічная стомленасць, болі ў спіне, рызыка падзення і паломкі ровара».
Актыўна паніжаць бардзюрны камень гарадскія службы пачалі пасля майскіх святаў.
«Мы паступова пачалі працу з цэнтра горада для таго, каб дапамагчы нашым раварыстам бесперашкодна ажыццяўляць свае маршруты ў гэтым месцы», — распавядае начальнік аддзела спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама Яўген Ародзь.Зараз работы вядуць на Вялікай Траецкай, Давыда Гарадзенскага і Кастрычніцкай. Да 1 чэрвеня ў планах працоўных прывесці ў парадак вуліцы Парыжскай Камуны, Сацыялістычнай, Свярдлова і іншыя, якія знаходзяцца ў цэнтры горада.
«Да фестывалю мы плануем скончыць працы ў цэнтры, у тым ліку панізіць бардзюрны камень і абнавіць разметку для веласіпедыстаў. Ёсць у нас карта-схема усіх веламаршрутаў горада, якую распрацавалі сумесна з аб’яднаннем „ВелаГродна“. Паводле карты і плана мы бярэмся ў чэрвені менавіта за Дзевятоўку. Там забіраем тры асноўныя маршруты. Таксама за летні перыяд у нас стаіць задача прыйсці на Вішнявец і злучыць гэты раён праз Румлёўскі мост з цэнтрам горада. Ёсць праца і ў Пышках. Задачы па веларуху рэальныя і мы іх будзем выконваць», — дадаў Яўген Ародзь.
Вядома, што ўсе работы ў горадзе па велаінфраструктуры знаходзяцца на кантролі ў старшыні гарвыканкама Мечыслава Гоя.