У аўторак 15 мая зоаабарончая арганізацыя «Адданае сэрца» і кіналагічны клуб «Сатурн» правядуць «вясельны» флэшмоб жывёл. Мэта — прыцягнуць увагу грамадства да праблемы бездаглядных жывёл.
Акцыя пачнецца ў 13.00, каля ЗАГСу на вул. Віленскай (побач з ГЦ «Нёман»).
У час мерапрыемства «жаніх» і «нявеста» разам з 10 «гасцямі» пройдуць парадам па цэнтры Гродна. У канцы яны будуць пазіраваць для «вясельнай» фотасесіі на Савецкай плошчы. У жывёл будзе шыльда, дзе будзе напісаны заклік да ўладальнікаў жывёл, каб яны не пакідалі сваіх гадаванцаў.
«Жаніхом» і «нявестай» стануць сабакі Бася і Грэта. Яны «пазнаёміліся» адзін з адным, яшчэ будучы на вуліцы, — кажа дызайнер касцюмаў Дар’я Чэравач. — Потым яны апынуліся ў адным вальеры ў прытулку «Адданага сэрца». Зараз яны працягваюць быць разам, бо іх гаспадары сябруюць".
«Вялікая колькасць беспрытульных катоў і сабак — гэта жывёлы, якіх выкінулі нядбайныя гаспадары, — паведамляе кіраўнік „Адданага сэрца“ Алена Шыманіца. — Як толькі людзі перастануць выкідваць гадаванцаў на вуліцу, праблема бездаглядных жывёл у Беларусі вырашыцца назаўжды».
На думку арганізатараў акцыі, самым эфектыўным спосабам вырашэння гэтай праблемы стане прыняцце закона аб адміністрацыйным пакаранні людзей, якія выкідваюць жывёл на вуліцу і ўвядзенне абавязковага чыпіраванне або кляймення. Таксама гэты крок прынясе дадатковыя выгады: зніжэнне бюджэтных расходаў на ўтрыманне брыгад па адлове, транспарт і на медыцынскія сродкі на ўсыпленне жывёл.
«Праблема бездаглядных жывёл у Беларусі становіцца з кожным годам усё вастрэйшай, — распавядае аўтар ідэі Міхаіл Ліс. — Многія пакінутыя гаспадарамі коткі і сабакі гінуць на вуліцы, ператвараюцца ў агрэсіўныя зграі і павінны быць вылаўленыя і забітыя ў адпаведнасці з заканадаўствам краіны. За 2017 год толькі ў Гродне было адлоўлена больш за 4 тысячы катоў і сабак, што адно насельніцтву буйнога пасёлка».