Гол Леаніда Ковеля на 91-й хвіліне ў матчы супраць “Гарадзеі” прынёс “Нёману” першую хатнюю перамогу ў гэтым сезоне.

Усё ўжо ішло да таго, што матч паміж “Нёманам” і “Гарадзея” 13 красавіка ў Гродне скончыцца чарговай баявой нічыёй, але жоўта-зялёныя на апошніх хвілінах здолелі вырваць перамогу. Вырашальны гол забіў Леанід Ковель, які выйшаў на замену ў другім тайме.

Быў добры шанец у гаспадароў выйсці наперад яшчэ на 65-й хвіліне, але зароблены пенальці не рэалізаваў Мікалай Януш.

“Нёман” – “Гарадзея” – 1:0

Галоўны трэнер “Нёмана” Ігар Кавалевіч пасля матчу адзначыў, што была нічыйная гульня, у якой яго камандзе ў канцы пашанцавала.

Дзякуючы перамозе над “Гарадзеяй” гродзенская дружына падымаецца ў турнірнай табліцы на 5-е месца і мае ў сваім актыве 12 ачкоў.

Наступны матч чэмпіянату гродзенцы правядуць 21 мая ў Гомелі, дзе сустрэнуцца з мясцовай камандай.