Прычал для малога рачнога транспарту і пляж са спартовымі пляцоўкамі пачалі будаваць на беразе Нёмана каля базы адпачынку “Прывал” ў красавіку 2018. Але скончаць працу будаўнікі яшчэ не хутка. Афіцыйнае адкрыццё аб’ектаў запланавана на 2019 год.

Праект прычала распрацаваў інстытут «Гроднагіпрабуд». Ён прадугледжвае будаўніцтва прычала, пірса і пляцоўкі для захоўвання маламерных судоў, а таксама пад’езд да месца спуску суднаў на ваду.

Сёння каля “Прывала” актыўна чысцяць рэчышча Нёмана. На беразе ідзе будаўніцтва пляжа з валейбольнай і футбольнай пляцоўкамі ды тэнісным кортам.

Плануецца, што да верасня скончацца асноўныя работы на беразе. Афіцыйна аб’екты адкрыюць у 2019 годзе. У будучыні пляжам  змогуць карыстацца наведвальнікі базы адпачынку.

У планах “Прывала” таксама будаўніцтва моста на іншы бераг ракі. Цяпер гэта пытанне на стадыі праектавання і актыўна абмяркоўваецца кіраўніцтвам.