Грузінскі абаронца гродзенскага “Нёмана” Гіоргі Кантарыя ў сваім інстаграм пакінуў запіс, у якім распавёў, што пасля фінальнага свістка ў матчы з “Іслаччу” галоўны трэнер суперніка Віталь Жукоўскі абразіў яго асабіста і яго радзіму.
Непрыемная сітуацыя адбылася ў канцы сустрэчы, калі ў гульнявым эпізодзе Кантарыя сышоўся з гульцом “Іслачы” Ігарам Халадзінскім, апошняму прыйшлося аказваць медыцынскую дапамогу. Галоўны трэнер Іслачы ўгледзеў у гэтым моманце наўмыснае парушэнне з боку абаронцы “Нёмана” і паляцеў высвятляць адносіны і пераходзіць на асобы. Пазней Віталь Жукоўскі прызнаўся ва ўласнай няправасці.
Але нягледзячы на гэта Кантарыя распавёў своё бачанне сітуацыі:
“Я гулец футбольнага клуба «Нёман» – Гіоргі Кантарыя, і для мяне непрымальна, што мяне абвінавачваюць у збіцці футбаліста з ФК “Іслач”. У тым эпізодзе маёй віны няма. Маюцца кадры, і я заклікаю паглядзець гэтыя кадры, дзе і праясніцца праўдзівая сітуацыя. Галоўны трэнер Віталь Жукоўскі абразіў мяне і маю радзіму. На мой погляд, ён павінен быў спачатку высветліць, што здарылася, а потым ужо даваць нейкія каментары. Пазней ён усё ж такі УСКОСНА прызнаўся ў памылцы ў дачыненні да мяне. Пры ўсёй маёй вялікай павагі да журналістаў прашу разабрацца ў сітуацыі, а потым пісаць артыкул пра мяне.
P.S. У заканчэнні хацелася б сказаць, што я ганаруся, што я грузін, вельмі люблю сваю радзіму і свой народ, але таксама хачу адзначыць і тое, што паважаю і люблю Беларусь.
Гульцу Халадзінскаму жадаю хутчэйшага выздараўлення!”- напісаў Кантарыя.
https://www.instagram.com/p/BiexF8_lPSL/?taken-by=qanta3
Нагадаем, “Нёман” у Мінску ў гэты дзень абыграў “Іслач” з лікам 2:1.
21- гадовы Гіоргі Кантарыя выступае за “Нёман” з 2017 года. У першым сваім сезоне за гродзенскі клуб грузінскі абаронца адыграў вельмі надзейна. З першых матчаў Гіоргі спадабаўся аматарам футбола за сваю смелую і самаадданую гульню ў цэнтры абароны. Пасля заканчэння чэмпіянату гулец быў прызнаны заўзятарамі “Нёмана” лепшым гульцом сезона 2017 года. Футбаліст і у 2018 годзе працягвае паказваць добры футбол са свайго боку.