Сёння 5 траўня як і 73 гады таму ў Гродне прайшла традыцыная лёгкаатлетычная эстафета. У гэты дзень больш за 700 удзельнікаў выйшлі на старт, каб пераадолець 14 этапаў размешчаных на вуліцах горада.
За гады эстафета стала неад’емнай часткай гарадскога жыцця і ў чарговы раз даказала, што карыстаецца попытам у гродзенцаў. Сёлета ў спартовым мерапрыемстве прынялі ўдзел навучэнцы сярэдніх школ, гімназій, ліцэяў, сярэдне-спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў, спартыўных клубаў, вышэйшых навучальных устаноў, а таксама калектывы фізічнай культуры прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый горада. Усяго 756 удзельнікаў падзеленых на 54 каманды. Кожнай камандзе трэба было пераадолець 14 этапаў.
На спаборніцтвах прызы пераможцам эстафеты традыцыйна рыхтуе газета «Гродзенская праўда» — уласна яна, разам з упраўленнем спорту і турызму гарвыканкама, і з’яўляецца арганізатарам самых старых гродзенскіх спаборніцтваў.
Гродзенская эстафета бярэ пачатак з 1946 года і штогод праводзіцца ў Дзень друку. Спаборніцтвы праходзяць у любое надвор’е.