Конкурс прыгажосці “Міс Беларусь – 2018» прайшоў 4 мая на сцэне мінскага Палаца спорту. Карона першай прыгажуні краіны дасталася мінчанцы Марыі Васілевіч, гродзенка Маргарыта Мартынава стала Першай віцэ-міс і атрымала буйны грашовы прыз.

Уладальніцы тытула “Міс Беларусь – 2018” уручылі пераходную карону з белага золата, фіянітаў і тапазаў, 12250 рублёў і пазадарожнік Geely Atlas.

Буйныя грашовыя прызы атрымалі таксама першая і другая віцэ-міс.

Першая віцэ-міс – 22-гадовая Маргарыта Мартынава, якая родам са Слоніму. Апошнія гады дзяўчына жыве ў Гродне і вучыцца ва ўніверсітэце імя Купалы. Дарэчы, у Маргарыты ўжо ёсць тытул «Міс Гродна – 2017».

Яшчэ адну гродзенку Караліну Барысевіч адзначылі на конкурсе – паводле рашэння журы яна атрымала тытул «Міс фота».

Усяго на тытул «Міс Беларусь – 2018» прэтэндавалі 30 дзяўчат ад 18 да 24 гадоў. Нацыянальны конкурс прыгажосці праводзіўся ўжо 11-ы раз.