Другі паўфінальны матч Кубка Беларусі паміж «Нёманам» і БАТЭ, які праходзіў у Гродне 2 мая, завяршыўся безгалявой нічыёй. Такім чынам, па суме двух матчаў барысаўская каманда праходзіць «Нёман» і ў фінале розыгрышу сустрэнецца з брэсцкім «Дынама».

Як у першым (2:0), так і ў другім матчы паўфіналу «Нёман» адчуваў сур’ёзныя цяжкасці са складам, асабліва ў цэнтральнай частцы. Нягледзячы на гэта, Ігар Кавалевіч знайшоў гульцоў і даў бой чэмпіёну краіны.

Гродзенцы пачалі актыўна і на першых хвілінах мелі нядрэнныя моманты для ўзяцця варот, але вось ўдары ў Лукашэвіча і Квашука аказаліся трохі недакладнымі.

Бліжэй да сярэдзіны тайма госці завалодалі ініцыятывай і сталі ствараць моманты ля варот гаспадароў. Ім таксама не ўдалося адзначыцца. Так, з нулямі на табло, каманды дагулялі першы тайм.

У другой палове матчу гульня практычна не змянілася — БАТЭ працягваў валодаць ініцыятывай, а гродзенцы ўсёй камандай абараняліся і час ад часу выбягалі да варот суперніка. Варта адзначыць, што ў другім тайме актыўнасці на поле дадалі Мукам у «Нёмана» і Глеб у БАТЭ. Але нават гэтыя гульцы не дапамаглі сваім камандам забіць гол. У выніку матч скончыўся безгалявой нічыёй.

«Нёман» — БАТЭ — 0:0

Ігар Кавалевіч пасля матчу:

«Пасля 0−2 мы павінны былі сустрэцца з чэмпіёнам краіны — на дадзены момант самай моцнай камандай. Нам трэба было не прапусціць, і мы спрабавалі забіць. Моманты былі для гэтага. Улічваючы нашы кадравыя праблемы, стратэгічны план на гульню мы вытрымалі. Згулялі адзін з лепшых матчаў у сезоне. Шкада, што не атрымалася забіць. Нейкія прэтэнзіі прад’явіць сваёй камандзе я не магу. Віншую БАТЭ з заслужаным выхадам у фінал і жадаю там барысаўчанам ўдачы».

У фінале Кубка Беларусі БАТЭ сустрэнецца з «Дынама-Брэстам», які ў ½ прайшоў магілёўскі «Днепр».