Перыяд міжсезоння ў гродзенскіх “Варвараў” завяршаецца. Ужо ў суботу 5 траўня на штучным полі ЦСК “Нёман” матчам гродзенцаў і мінскіх “Ураганаў” стартуе першы ў гісторыі Беларусі чэмпіянат па амерыканскім футболе.

Нягледзячы на праблемы з адсутнасцю некаторых лідэраў, гродзенцам за перыяд міжсезоння ўсё ж такі атрымалася захаваць касцяк каманды. Таму “Варвары” падыходзяць да старту новага чэмпіянату ў баявым настроі і маюць намер узяць прызавое месца.

“5 траўня на ЦСК” Нёман “адбудзецца першая ў гісторыі гульня новага чэмпіёната, – распавядае галоўны трэнер “Варвараў” Аляксей Серабракоў. – Што тычыцца мэтаў на гэты турнір, то тут вельмі цяжка нешта прагназаваць. За кубак будзе змагацца 4 каманды. З віцебскімі “Рысямі” мы не гулялі з 2016 года і не зразумела чаго ад іх чакаць. “Літвіны” пакуль выглядаюць фаварытамі на паперы, але новая каманда з Мінска – “Ураганы”, сабрала ў сваім складзе вельмі дасведчаных і моцных гульцоў з “Зуброў” і “Літвінаў”, і зразумець што ж яны з сябе ўяўляюць вельмі складана. “Вартавыя” і “Паганцы” вырашылі сезон 2018 прапусціць з-за недахопу персаналу. “Зубры” праглынулі “Ласёў” і працягваюць удзельнічаць у Кубку Монтэ Кларка. Знаёмых супернікаў па сутнасці не засталося, па гэтаму і цяжка ставіць мэты, але план у нас на турнір, гэта мінімум – бронза”.

Ёсць надзея на светлую будучыню

У канцы красавіка аматарская каманда з Гродна атрымала дзяржаўную рэгістрацыю і на дадзены момант у яе ёсць упершыню дамоўленасці аб фінансавай падтрымцы з трыма прыватнымі арганізацыямі: “Модера-Мебель”, “Севас”, “БоссЛес”. Усе гэтыя арганізацыі займаюцца дрэвам і былі знойдзеныя стараннямі аднаго з гульцоў “Варвараў”, прызёра Чэмпіянатаў свету і Еўропы па барацьбе Віталем Сіваковым. Дзякуючы першай спонсарскай дапамоге, футбалісты разлічваюць змяніць свой трэніравальны працэс.

“У цэлым зрухі пазітыўныя і гэта радуе, што на нас трохі звярнулі ўвагу. Акрамя гэтага актыўную дапамогу нам аказвае начальнік аддзела спорту і турызму Гродзенскага Гарвыканкама – Яўген Ародзь. Філармонія бясплатна размясціла афішы. Быў эфір на” Радыё Гродна” і ад іх жа будзе рэклама гульні. Сёння ў нас ёсць надзея на светлую будучыню – яшчэ з восені мінулага года каманда пачала супрацоўніцтва з гімназіяй №2 і на іх базе пачаўся набор у каманду моладзі. Гэтак жа да нас у гэтым сезоне далучаецца каля 10 чалавек з каманды брэсцкія “Вартавыя”, якія не змаглі сабраць склад на сезон”, – дадаў Серабракоў.

Першы матч сезону ў “Варвараў” пройдзе ў суботу, 5 траўня ў 17:00 на штучным полі ЦСК «Нёман».