Трывогу забіла гродзенская раварыстка Вольга ў пятніцу, 27 красавіка. Перасякаючы Новы мост, яна натыкнулася на адтуліну, праз якую была бачная зямля. Дзірка знаходзіцца амаль на выездзе у бок Пышкоў, як ехаць са школы алімпійскага рэзерву.
Вольга кажа, што адтуліна на мосце памерам прыкладна 30×40 см.
«Саму дзірку я не вымярала, бо спяшалася на працу. Але раварыст на хуткасці лёгка ўляціць у тую дзірку, ды навярнуцца можа, — распавядае раварыстка. — Там пастаянна нешта адвальваецца, як кажуць камунальнікі. Проста раней то з-пад моста было, а тут ужо да саміх ходнікаў дайшло. Як яшчэ палатно дарогі не правальваецца? Загадка. Дзірка можа не самая вялікая, але мост страсае нават ад невялікай грузавой машыны. Пакуль я рабіла фоты, праехала некалькі машын, дык страшна стаяць было побач».
Вядома, што мост, які ў Гродне называюць «Новым», быў пабудаваны ў 1971-м годзе і з таго часу ні разу сур’ёзна не рамантаваўся.