23 красавіка знакаміты савецкі штурмавік Іл-2 літаральна на гадзіну прызямліўся ў аэрапорце «Гродна», каб дазаправіцца. Экіпаж накіроўваўся з Расіі ў Берлін на авіясалон ILABerlin 2018.
У свой час канструктары называлі Іл-2 «танкам, які лётае» не толькі з-за добрага браніравання, але і магутнага ўзбраення. Зараз, каб дабрацца на ім з Калугі ў Берлін, патрэбна некалькі дазаправак. Адна была ў Бранску, другая — у Мінску, трэцяя — у Гродне, чацвёртая запланавана ў Варшаве, пятая — у Познані. Супрацоўнікі гродзенскага аэрапорта за 15 хвілін заправілі паветранае судна 300 літрамі авіяцыйнага бензіну.
З 1941 па 1945 гады савецкая прамысловасць выпусціла 36 тысяч самалётаў Іл-2 розных мадыфікацый. Гэта адно з самых масавых ваенных паветраных судоў у гісторыі авіяцыі, піша «Перспектыва».