За 13 дзён каманда праекта «Анёлы над горадам» сабрала 102% ад патрэбнай сумы на выраб дакладнай копіі першай гродзенскай гравюры з выявай горада. Усяго ў свеце захаваліся яе лічаныя асобнікі. У Беларусі ж няма нават поўнамернай копіі. Арганізатары хочуць надрукаваць яе з адноўленай матрыцы і займець уласную выяву, прыдатную да якаснага друку, вольную ад аўтарскіх правоў любых архіваў і сховішчаў.
«Было складана прагназаваць, як пойдзе збор сродкаў. Калі ў пачатку ён быў не вельмі актыўным, то пасля публікацый у СМІ пайшоў значна хутчэй. Грошы ахвяравалі з ўсёй краіны і нават беларусы замежжа! То бок, праект, прысвечаны гісторыі Гродна, зацікавіў не толькі гараджан, а значна большае кола,» — расказвае гісторык Аляксандр Перагудаў, які займаецца праектам разам з мінскай студыяй imago.by.
Панарама Гродна Ё. Адэльгаўзера і М. Цюнта была ўпершыню надрукавана ў Нюрнбергу ў 1568 годзе. Гэта першая праўдзівая выява беларускага горада: на гравюры ёсць Фара Вітаўта, Стары Замак, Каложа і іншыя сакральныя гродзенскія аб’екты — такія, якімі яны былі. Дакладная і дэталізаваная панарама з анёламі над горадам магла б стаць сімвалам старадаўняга Гродна, лічаць стваральнікі праекта.
[irp posts="57 991″ name="Мінчукі і гродзенец адновяць гравюру 1568 года і падораць музею"]
Самае складанае яшчэ наперадзе, мяркуе гісторык. Каманда плануе выкупіць даступныя лічбавыя копіі гравюры з розных архіваў свету, па алічбаваных выявах аднавіць друкарскую форму, з якой можна будзе надрукаваць некалькі сапраўды якасных копій. Аформленую ў раму копію, якая заменіць арыгінал да часу, перададуць Гродзенскаму музею для экспазіцыі і вывучэння.
Да заканчэння збору сродкаў застаецца яшчэ 32 дні. Тыя, хто да яго далучаецца, атрымаюць наўзамен паштоўкі, прынты ці асобнік гравюры, расфарбаваны мастаком. Прынты будуць гатовыя да 1 верасня, а копія гравюры для музея і постары з каляровай панарамай — да канца 2018 года.
Наступным праектам, якім плануе заняцца каманда, будзе стварэнне мурала па матывах гравюры.