Каля сотні раварыстаў з Гродна 24 красавіка стартавалі ў штогадовым валанцёрскім велапрабегу Bike4SDGs у падтрымку Мэтаў устойлівага развіцця. Удзельнікі, да якіх па дарозе будуць далучацца новыя валанцёры, за шэсць дзён праедуць 400 км і фінішуюць у цэнтры Белавежскай пушчы.
Стартаваў велапрабег у Гродне з плошчы Савецкай. Удзельнікі, гэта школьнікі, студэнты, прадстаўнікі ўлады і розных арганізацый горада. Усяго аматарам ровараў трэба будзе праехаць каля 300 км.
Для чаго праводзяць Bike4SDGs?
Велапрабег Bike4SDGs мае паказаць важную ролю партнёрства паміж урадавымі і недзяржаўнымі арганізацыямі, прыватным бізнесам, міжнароднымі і мясцовымі супольнасцямі ў дасягненні мэтаў устойлівага развіцця. Арганізатары акцыі таксама імкнуцца звярнуць увагу на ўцягванне людзей з інваліднасцю ў жыццё грамадства, на важную ролю лясоў для захавання разнастайнасці, клімату і сацыяльна-эканамічнага развіцця мясцовых супольнасцяў.
Па ходзе маршруту ўдзельнікі будуць сустракацца з мясцовымі ўладамі, няўрадавымі арганізацыямі і людзьмі з інваліднасцю, каб прапанаваць канкрэтныя практычныя крокі па больш актыўным прасоўванні грамадства роўных магчымасцяў.
У межах акцыі ўдзельнікі таксама сустрэнуцца з мясцовымі прадпрымальнікамі - уладальнікамі аграсядзібаў, рамеснікамі, леснікамі і жыхарамі невялікіх белавежскіх вёсачак, з якімі абмяркуюць перавагі ўстойлівага кіравання лясамі і развіццё ляснога турызму ў Беларусі.
Прыемным дадаткам да маршрута стане пешаходная прагулка 29 красавіка па Белавежскай пушчы.
Як далучыцца?
У фінальны дзень велапрабегу Bike4SDGs арганізатары запрашаюць усіх ахвотных далучыцца на дыстанцыі 21 км па самых прыгожых месцах Белавежскай пушчы. Маршрут пройдзе па асфальтаванай дарозе і будзе даступны для людзей усіх узростаў і фізічных магчымасцяў, у тым ліку і для людзей з інваліднасцю. На фінішы на Царскай Паляне ўсіх чакае цёплы прыём, памятныя медалі і стравы палявой кухні.
Тым, у каго ёсць вопыт кіравання каноэ, Bike4SDGs прапануе даследаваць наваколлі пушчы па водным маршруце дыстанцыяй 10 км уніз па рацэ Лясная.
Завершыцца мерапрыемства ў 18:00 кірмашом Мэтаў устойлівага развіцця і лясным канцэртам на Царскай Паляне ў Белавежскай пушчы.