Каля паўсотні гродзенскіх камуністаў сабралася 22 красавіка на плошчы Леніна — яны адзначалі дзень нараджэння правадыра. За святкаваннем з цікавасцю назіралі замежныя турысты. Аднаго з іх камуністы нават запрасілі далучыцца.
У гэтым годзе прыпадае 148 гадавіна з дня народзінаў Леніна. Мясцовыя камуністы з гэтай нагоды чыталі ля помніка вершы, адзначалі заслугі актывістаў, ускладалі кветкі і будавалі планы на святкаванне 100-годзя камуністычнай партыі.Побач з мітынгам праходзілі турысты з Польшчы, сярод іх Давід з Беластоку. Ён спыніўся і падышоў бліжэй, на што адразу звярнулі ўвагу камуністы. Побач з помнікам Леніну Давіда на словах прынялі ў партыю і прычапілі на яго чырвона-зялёную стужку. Да гэтага паляк паставіўся з усмешкай на твары.
«Я другі раз у Гродне і першы раз бачу такія мерапрыемствы ля помніка Леніну. Гэта, напэўна, такі гістарычны прыкол, — распавядае Давыд. — У нас у Беластоку такога няма і настроі да ўсяго камуністычнага адмоўныя. А тут відаць, што ў людзей ёсць настальгія па часах СССР.
У Гродне на гэта цікава паглядзець: як людзі сумуюць па вялікай дзяржаве, якая адправіла ў космас першага чалавека, па магутнай сіле і нейкай стабільнасці. Добра ці дрэнна гэта, я не магу судзіць, бо ў Гродне я госць і павінен паважаць мясцовыя традыцыі. Такога ж я б патрабаваў ад гасцей і ў Польшчы. Камунізм — гэта ўжо гісторыя і трэба на яе глядзець з розных бакоў. Вывучаць яе — задача для гісторыкаў, а нам трэба жыць і не сварыцца".