Першы матч паўфіналу Кубка Беларусі паміж “Нёманам” і БАТЭ праходзіў у Барысаве 18 красавіка. Каманда Ігара Кавалевіча на поле нязменнага чэмпіёна Беларусi не здолела паказаць добрай гульні і заслужана прайграла суперніку з лікам 2:0.

Ужо да 30-й хвіліны матчу “Нёман” прайграваў у два мячы. Спачатку Мірка Іваніч адкрыў лік на 19-й хвіліне. А праз 10 хвiлiн Гардзяйчук павялічыў перавагу сваёй каманды. Да перапынку гродзенцы здолелі пратрымацца і не прапусціць больш мячоў.

У другім тайме гаспадары збавілі абароты, але пры гэтым працягвалі валодаць ініцыятывай, не даючы “Нёману” нават стварыць пагрозу каля сваіх варот. Не дапамог Кавалевічу ні выхад Мукама, ні розныя перастаноўкі ў складзе. У вынiку каманды так і дагулялі матч, а лік на табло застаўся нязменным.

Кубак Беларусі. 1/2 фінала. Першы матч. БАТЭ (Барысаў) – “Нёман” (Гродна) – 2:0

ГАЛЫ: 1:0 – Іваніч (19), 2:0 – Гардзяйчук (29).

Ігар Кавалевiч пасля матчу:

– Мы разлічвалі забіць гол у гасцях. Не атрымалася. У Барысаве стала традыцыяй нам забіваць галы рукамі. З такім судзействам разлічваць на нешта было малаверагодным.

У нас не атрымаўся першы тайм. У нас праблемы. Людзі, якія рыхтаваліся гуляць у цэнтры поля, траўмаваныя. Нам даводзіцца ісці на крайнія меры. У цэлым, я задаволены гульцамі. Чакаем гульні ў адказ.

Такія рэчы ў судзействе… Ім усё сыходзіць з рук. Разумееце, ёсць анатомія. Чыкун, б**, вам растлумачыць. У мінулы раз, калі Радзівонаў рукой забіў… Як увогуле можна такую хлусню сказаць? Кажа: “За частаколам ног не ўбачыў руку”. Ну, ён што, анатомію не вывучаў? Дзе нага, а дзе рука! Там у БФФ усё растлумачаць. А так, БАТЭ з перамогай.

– Чаму Жукоўскі застаўся ў запасе?

– У нас быў план. Хацелі добра выглядаць. Але з-за неспадзяванай траўмы Абуны ўсё змянілася. Ён павінен быў дадаць свежасці.

– “Нёман” дрэнна пачаў сезон. Сёння таксама было мала момантаў каля варот БАТЭ. Чаму?

– Чаму не вельмі добра? Якасць гульні і вынік – розныя рэчы. У нас пяць новых гульцоў у складзе. Са “Слуцкам” правялі добрую гульню, пенальці не забілі. Прайшло ўсяго тры туры. Рабіць высновы пакуль рана. У другім тайме сёння выйшаў Аляксандр Глеб. Ён – гулец еўрапейскага ўзроўню. Напэўна, баяцца мяне.

– Чаму не аказалася ў заяўцы Вячаслава Глеба?

– У яго траўма.

– Як здароўе ў Януша?

– Мы яго планавалі выпусціць. Але непрадбачаныя замены зламалі нашы планы.

Матч у адказ пройдзе ў Гродне 2 мая. У іншай паўфінальнай сустрэчы “Дынама-Брэст” апынуўся мацней “Дняпра” з лікам 2:0.