Больш за 500 спартсменаў і аматараў з 14 красавіка з’ехаліся ў горад над Нёманам, каб праверыць свае сілы ў адкрытым Кубку Гродна па спартыўным арыентаванні. У спаборніцтвах, якія праводзяцца ў 41-ы раз, удзельнічаюць прадстаўнікі Беларусі, Расіі, Літвы, Малдовы, Украіны і іншых краін.

Стартаваў Кубак 14 красавіка ў раёне вёскі Прыгодзічы, дзе ёсць круты рэльеф. На другі дзень спаборніцтвы праходзілі на тэрыторыі заапарка — гэта быў гарадскі спрынт. На трэці дзень спартсмены будуць спаборнічаць на сярэдняй дыстанцыі па хваёвым лесе ў раёне шлюза Дамброўка. Заключны дзень таксама там пройдзе — ён будзе ўключаць у сябе этап на класічнай трасе.

«У гэтым годзе нашы спаборніцтвы сабралі каля 500 удзельнікаў, якія прадстаўляюць шэсць краін. Кожны дзень колькасць удзельнікаў мяняецца. Больш за ўсё прадстаўнікоў з Беларусі і Расіі, — распавядае галоўны суддзя спаборніцтваў Эдвард Ародзь. — У гэтым годзе мы вырашылі дадаць у спаборніцтвы ўнікальную мясцовасць у цэнтры Гродна — заапарк са сваімі масткамі і лабірынтамі. Мы не маглі не скарыстацца такой магчымасцю. Этап цікавы, але і складаны».

Узрост удзельнікаў адкрытага Кубка Гродна ад 3 і за 80 гадоў.

Даведка

Кубак па спартыўным арыентаванні праводзіцца ў Гродне з 1979 года. З таго часу ўзровень турніру моцна вырас і кожны год Кубак наведваюць прадстаўнікі розных краін. Апошнія гады вынікі гродзенскіх спаборніцтваў ідуць у залік сусветнага рэйтынгу спартыўнага арыентавання.

Фота з этапу, які праходзіў у заапарку: