Навінкі да чарговага Фестывалю нацыянальных культур плануецца размясціць на вуліцы Замкавай. Мастакі распішуць дзве камяніцы ў стылі нацыянальнай арнаментыкі.
Пра гэта распавёў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Ярашэвіч.
«Работу будуць выконваць знакамітыя мастакі: Сільвановіч і Більдзюк. Мяркуецца, што афармленне будзе зроблена ў стылі нацыянальнай арнаментыкі. Пазней думаем стварыць некалькі трафарэтаў і прыступіць да роспісу сцен дамоў у жылых мікрараёнах».
Мастак Сяргей Більдзюк сказаў у размове з Hrodna.life, што распавядаць пра гэтыя планы пакуль заўчасна.
«Я б не спяшаўся гучна казаць пра ўсё гэта. Цяпер галоўная задача для нас — прайсці манументальны савет, які ўсё вырашае. Калі яго пройдзем, тады можам паказваць эскізы і пра нешта казаць».
Манументальны савет павінен прайсці ў бліжэйшы час.