Работы па добраўпарадкаванні Гараднічанкі ў раёне вуліцы Рабочай працягваюцца. Тэхніка прыбірае ўсе перашкоды на шляху ракі, у лік якіх увайшлі рэшткі старога моста, калектарныя трубы і буйнагабарытнае смецце. Жыхары вуліцы задаволеныя, што горад нарэшце звярнуў увагу на іх праблему. Але хочуць, каб ім аднавілі пешаходны мост, які раней злучаў жыхароў дамоў з вуліцай Старазамкавай.
Стары нямецкі мост пачалі разбіраць яшчэ ў 2014 годзе. Тады ЖКГ абяцала аднавіць пабудову. Але за чатыры гады жыхары новага моста так і не дачакаліся. Сёння ў «Рэмбудаўтадар», якое выступае падрадчыкам у ЖКГ, стаіць задача – ліквідаваць перашкоды на рэчышчы Гараднічанкі. Пра мост гаворкі не ідзе.

Хадзіць далёка цяжка і хуткая не заўсёды даедзе
Жыхары прылеглых дамоў неаднаразова падыходзілі і да рабочых, і да іх начальнікаў, але ніхто пра разбураны мост нічога канкрэтна сказаць не можа. Рабочыя кажуць: “Калі будзе загад рабіць – будзем будаваць”.
«Нам яшчэ ў 2014 годзе абяцалі мост аднавіць і быў нават праект, але прайшло столькі часу і нічога не зроблена, – распавядае жыхарка вуліцы Зоя Урбаш. – Мы пакутуем тут, увесь гэты час нам – пенсіянерам – даводзіцца абыходзіць рэчку. Мне кожны крок вельмі дорага даецца. А іншы раз нават хуткая дапамога да нас у дрэннае надвор’е даехаць не можа, бо дарогі няма нармальнай. А мы ж жывем практычна ў цэнтры Гродна, тут турысты часта ходзяць, фатаграфуюць нашу прыгажосць…».

У гарадской ЖКГ не ўдалося атрымаць каментар па планах добраўпарадкавання і будаўніцтве новага моста над Гараднічанкай у раёне вуліцы Рабочай.
Памянялася некалькі кіраўнікоў, а моста няма
Але ў жыхароў вуліцы на гэты конт свой адказ: пенсіянерка Зоя Урбаш дагэтуль захоўвае ў сябе ў дакументах выразку з газеты “Гродзенская праўда” за 2014 года. Там якраз матэрыял пра гэты мост. Тагачасны генеральны дырэктар гарадской ЖКГ Алег Дабравольскі распавядаў карэспандэнту “ГП”, што пры наяўнасці фінансавання людзей у бядзе не пакінуць і зробяць дарогу ды мост. Прайшло 4 гады. За гэты час у ЖКГ памянялася некалькі кіраўнікоў, а дарога і мост на Рабочай так і не з’явіліся.




