У суботу 2 красавіка на прагляд у гродзенскі “Нёман” прыехаў 21-гадовы бразільскі нападнiк Жааў Віктар Брандаа Фігейрэда.

Як паведамляе прэс-служба “Нёмана”, бразілец з 9 да 16 гадоў займаўся ў юнацкіх камандах “Сан-Паўла”, а ў 16 гадоў атрымаў запрашэнне выступаць за “Атлетыка Мiнейра”. З 2012 выступаў у юнацкіх камандах клуба (U16, U17, U20), пасля чаго ў 2016 годзе пачаў трэніравацца з асноўным складам і гуляць за дубль на пазіцыі левага нападніка і цэнтрфорварда. З-за велізарнай канкурэнцыі – у гэты перыяд у клубе выступалі Раналдзіньё, Фрэд, Рабіньа і іншыя футбалісты, у асноўным складзе згуляў ўсяго 5 матчаў у бразільскай Серыі А.

У 2016 годзе ў складзе U20 “Атлетыка Мiнейра” нападнiк гуляў на прадстаўнічым турніры ў Тэрборге (Нідэрланды), дзе разам з камандай стаў пераможцам спаборніцтваў. Правёў 5 матчаў і забіў 4 галы, у тым ліку “Фейенорду”, калумбійскаму “Атлетыка Насьональ”, “Графсшаапу” і “Вольфсбургу” у фінале. У складзе асноўнай каманды прыняў удзел у турніры “Florida CUP-2017”. Адыграў два матчы супраць “Тампа Бей” і леверкузенскага “Байера”. У 2017 годзе правёў адну трэніроўку са зборнай Бразіліі ў якасці маладога запрошанага футбаліста.

У 2017 годзе гулец не пагадзіўся з пераглядам кантрактных умоў і быў аддадзены ў арэнду ў “Дэмакрату” (штат Мінас-Жерайс, Д2). Пасля заканчэння кантракту з “Атлетыка Мiнейра”, з’ехаў у “Портiмоненсе” (Партугалія, Д1), аднак вакансія легіянера ў клубе не вызвалілася і яму давялося вярнуцца ў лютым 2018 года ў Бразілію.