Hrodna.life знайшоў гродзенку, якая на прыкладзе свайго раёна паказала, як трэба змагацца з тымі, хто не прыбірае на вуліцы за сваімі хатнімі гадаванцамі.
Ірына і яе маці распаўсюдзіла на раёне ўлёткі з папярэджаннем пра адказнасць для тых, хто не прыбірае на вуліцы за сваімі хатнімі гадаванцамі. За няправільны выгул жывёл можна атрымаць штраф да 15 базавых.
«Наступіла вясна, мама пайшла гуляць з сабакам і ў чарговы раз ўступіла ў экскрыменты. Яна патэлефанавала мне і папрасіла раздрукаваць 20 аб’яваў. Расклейвала іх мама, — распавядае Ірына. — Мы за сваімі сабакамі прыбіраем, а іншыя ўладальнікі не — гэта жудасна бесіць. Мы не хочам хадзіць па экскрыментах. Нашы мэты: бліжэйшая — падмацаваць вусныя заўвагі заканадаўча, на перспектыву — каб усе гаспадары прыбіралі за жывёламі. У нас у сям'і сабакі жывуць больш за 30 гадоў і маці пастаянна за імі прыбірала. Я з сабакам гуляю рэдка, раней прыбірала не заўсёды, а зараз — кожны раз».
Ірына адзначае, што ўлёткі ў яе раёне ўжо маюць станоўчы эфект — гэта выхоўвае суседзяў.
«Мама ўжо бачыла аднаго суседа, які прыбіраў за сваім сабакам. І гэтаму мы вельмі радыя».
Згодна з Правіламі ўтрымання хатніх сабак і котак, уладальнікі жывёл павінны не дапускаць забруджвання агульнадаступных тэрыторый. Гаспадара, які не прыбірае экскрыменты свайго гадаванца, можна пакараць паводле артыкула 15.47 КаАП штрафам ад 1 да 15 базавых велічынь або папярэджаннем. З 1 студзеня 2018 года базавая велічыня складае 24,5 рублёў.