За тыдзень да старту чэмпіянату Беларусі па футболе, 23 красавіка, гродзенскі «Нёман» сустрэўся са сваімі заўзятарамі. Сустрэча з камандай праходзіла ў забаўляльным цэнтры «Галактыка».
Такое мерапрыемства, дзе ў нефармальнай абстаноўцы сустракаюцца заўзятары і каманда, у Гродне ўжо стала традыцыяй. Менавіта там прэс-служба клуба знаёміць гродзенцаў з навічкамі, кіраўніцтва агучвае задачы на сезон, а таксама праходзяць конкурсы паміж футбалістамі і заўзятарамі.
Сустрэча пачалася з песні «Воины света» ў выкананні Руслана Зубкова, што стала вялікай нечаканасцю для заўзятараў. Пасля гэтага на сцэну выйшла і ўся каманда. Апошнімі выходзілі пачаткоўцы «Нёмана». Напярэдадні сезона ў гродзенскай камандзе іх пакуль пяць: Леанід Ковель, Мікалай Януш, Віталь Квашук, Максім Лукашэвіч і Эрвен Мукам.
Мы аддадзім усе сілы на поле
На сустрэчы заўзятары ў першую чаргу адзначылі, што ў гэтым годзе спаўняецца 25 гадоў як «Нёман» заваяваў Кубак Беларусі. Ім хацелася б, каб у 2018 каманда паўтарыла поспех 1993 года.
«У мінулым годзе мы выйгралі 14 матчаў, — адзначае галоўны трэнер «Нёмана» Ігар Кавалевіч. — За час існавання чэмпіянату гродзенская каманда толькі двойчы атрымлівала больш перамог. Гэта было ў 2001 і 2002 гадах. Так што ў мінулым годзе мы зрабілі сур’ёзны крок наперад.
Мы стараемся гуляць у атакуючы футбол. Нам удалося захаваць каманду і ў гэтым годзе наша гульня не будзе горшай. Мы аддадзім усе сілы на поле і ўсе хлопцы ведаюць, што ў гэтым годзе 25 гадоў як мы ўпершыню ўзялі Кубак Беларусі. Заўзятарам ніколі не будзе сорамна за сваю каманду".
І зноў спрэчка на піва
Пра задачы на сезон трэнерскі штаб не спяшаецца паведамляць. Ігар Кавалевіч адзначыў, што галоўнае для «Немна» цяпер — Кубак. А ў чэмпіянаце каманда будзе біцца ў кожным матчы і гуляць на перамогу.
У гэты годзе, як і ў мінулым, Ігар Кавалевіч паспрачаўся з адным з заўзятараў. Спрэчка была на чатыры скрыні піва. Калі «Нёман» перамагае ў Кубку, заўзятары будуць прастаўляцца, калі ж наадварот, то каманда.
Капітанам у сезоне 2018 будзе Валерый Жукоўскі, а віцэ-капітанамі Бебе і Сяргей Курганскі.
Хочацца бачыць каманду ў Еўракубках
На мерапрыемстве ва ўрачыстай абстаноўцы старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой выдаў «Нёману» ліцэнзію на 2018 год, а таксама выступіў з прамовай.
«2017 год для каманды быў досыць паспяховым. Ёсць прарыў і ў гульні, і на трыбунах. Зразумела, чым лепш будзе гуляць каманда, тым больш будзе заўзятараў.
Мы ў сваю чаргу пастараліся зрабіць усё неабходнае для каманды і выканалі ўсе ўмовы для атрымання ліцэнзіі. Пасля выхаду ў паўфінал Кубка наша каманда прыкладзе ўсе намаганні каб прайсці далей. А ў будучыні - гуляць там, у Еўропе. Я так спадзяюся".
Квіткі можна будзе купіць праз інтэрнэт
У бліжэйшы час на сайце «Нёмана» з’явіцца інфармацыя наконт квіткоў і абанементаў на новы сезон. Старшыня клуба Іван Варсовіч адзначыў, што ў гэтым годзе, як і ў мінулым, дзеці, пенсіянеры і жанчыны будуць праходзіць на футбол бясплатна. Навінкай стане продаж квіткоў праз інтэрнэт. Агулам квіток падаражэе на 1 рубель. Цана абанемента складзе каля 50 рублёў.