Пяты матч паўфінальнай серыі паміж “Нёманам” і “Дынама”, які праходзіў у Гродне 21 сакавіка, скончыўся перамогай каманды з Маладзечна. Дзякуючы вырашальнаму кідку Гаўруса ў авертайме, “Дынама” вяртае інтрыгу ў серыю.

“Нёману” заставалася ўсяго адна перамога да выхаду ў фінал і здавалася б каманда Сяргея Пушкова пры сваіх заўзятарах яе здабудзе. Але гульня для гродзенцаў выйшла няпростая. На працягу ўсяго матчу супернікі паказвалі хакей з вялікай колькасцю сілавой барацьбы і вызначыцца ў такіх умовах было вельмі цяжка.

Першую шайбу ў матчы заўзятары ўбачылі толькі на 36-й хвіліне матчу. Вызначыліся госці, дзякуючы дакладнаму кідку Лагунова. Гродзенцы здолелі адыграцца толькі на 49-й хвіліне і зрабіў гэта эфектна Стэфановіч. Нягледзячы на ​​вялікую колькасць момантаў, у асноўны час камандам больш не ўдалося вызначыцца.

А ў авертайме ўдача была на баку менавіта “Дынама”. Гродзенец Гаўрус, які абараняе колеры “Дынама” здолеў паставіць кропку ў матчы і вярнуць інтрыгу ў серыю.

“Нёман” – “Дынама-Маладзечна” 1:2 (АВ) (0:0, 0:1, 1:0, 0:1)

галы:
35.19 0:1 – Лагуноў (Ліннік, Грэцкі)
48.15 1:1 – Стэфановіч (Коршунаў)
62.44 1:2 – Гаўрус

Лік у серыі (да 4-х перамог): “Нёман” – “Дынама-Маладзечна” 3:2

Шосты матч серыі пройдзе ў Маладзечне 23 сакавіка.