Днём сюрпрызаў можа стаць 25 сакавіка для непамятлівых падарожнікаў. Напрыклад, вылецеўшы самалётам з Мінска ў сталіцу адной з суседніх дзяржаў, вы не атрымаеце «бонус» у выглядзе лішняй гадзіны часу — многія еўрапейскія краіны пераходзяць на летні час.
У ноч з 24 на 25 сакавіка ў 3.00 Польшча, Літва, Латвія і Украіна перавядуць стрэлкі гадзіннікаў на 4.00. Беларусь і Расія адмовіліся ад сезоннай карэкціроўкі гадзінных паясоў яшчэ ў 2011 годзе, і пакуль усё застаецца без зменаў.
Збіраючыся ў гэтыя дні ў замежную паездку, варта не забываць пра змены, якія маюць адбыцца, і ўважліва вывучыць расклад транспарту — магчымыя некаторыя змены.