Традыцыйны ў Вялікім посце крыжовы шлях пройдзе па Савецкай плошчы ад Фарнага да Бернардынскага касцёла ўвечары ў суботу, 24 сакавіка, піша grodnensis.by. А ў Вербную нядзелю, 25 сакавіка, каталікі пройдуць у працэсіі ў адваортным накірунку.
Набажэнства пачнецца богаслужэннем у Фарным касцёле. Прыкладна, а 20:00 вернікі выйдуць на вуліцу. Падчас малітвы католікі па чарзе будуць несці вялікі крыж і разважаць, як Ісус Хрыстос нёс крыж на Галгофу, цярпеў і паміраў.
На плошчы зробяць традыцыйныя 14 прыпынкаў. На кожным узгадаюць асобныя моманты крыжовага шляху: як Хрыстос сустракаў па дарозе сваю Маці, як яму выцерла твар святая Вераніка, а Сымон дапамог несці крыж, як тройчы падаў і падымаўся.
Разважанні і спевы правядзе моладзь касцёлаў горада. Прымуць удзел студэнты з Афрыкі, навучэнцы духоўнай семінарыі.
Удзельнікаў просяць прынесці з сабой свечкі.
У нядзелю, 25 сакавіка, малітва распачнецца на Бернардынскім узгорку, а 13:00. Біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціць вербы. Пасля працэсія пойдзе па Савецкай плошчы да Фарнага касцёла, дзе, а 14:00 адбудзецца богаслужэнне.