Аргкамітэт сабраў каля паловы ад 8270 рублёў, які патрэбныя на арганізацыю свята. На мерапрыемстве выступяць шэсць гуртоў з Гродна і не толькі.
— Тэхнічная частка збольшага завершаная, ёсць сцэна і апаратура. Пытанне з падключэннем электрычнасці вырашанае, — расказвае Вадзім Саранчукоў з аргкамітэту. — Вечарам будзе вядомы спіс музыкантаў. Канцэрты дазволеныя па ўсёй Беларусі, таму зараз адбываецца такое спаборніцтва па перацягванні гуртоў. Але свята ў любым выпадку атрымаецца вясёлым, клёвым, адпаведным стогадоваму юбілею.
Пераможцы «Басовішча» і таямнічы хэдлайнер
Збор грошай ідзе праз Талаку, актывістаў і краму «Цудоўня». Вадзім лічыць, што патрэбную суму яны збяруць пасля таго, як будзе сфармавана афіша. А яна з’явіцца, калі ўсе гурты дадуць згоду на ўдзел і прагавораць тэхнічныя моманты.
Запланаваны ўдзел шасці калектываў з Гродна і не толькі. Сярод іх: Tlusta Lusta, пераможцы Басовішча-2008 і гурт «Гаротніца» з Андрусём Такідангам. Зараз арганізатары чакаюць адказу хэдлайнера, імя якога не раскрываюць.
Што акрамя музыкі
Таксама запланавана фотазона, фудкорт, аквагрым, чэканка манет, аніматары, продаж гістарычных кніг, кірмаш нацыянальнаарыентаванай сімволікі і атрыбутыкі, ізабаўляльныя мерапрыемствы для дзяцей і дарослых. Паміж выступамі музыкаў са стагоддзем БНР павіншуюць Алесь Сураў, Дзяніс Жыгавец, гісторыкі і паэты. Перад святам у 12.00 у Каложскай царкве плануецца малітва за Беларусь.
— Мы разлічваем на інтэрнэт і рэкламу ў сацсетках. Аб’ем званкоў паказвае, што інфармацыя пра свята распаўсюджваецца даволі актыўна. Калі будзе зацверджаны канчатковы спіс гуртоў - з’явяцца афішы, якія мы размесцім на гарадскіх тумбах, — кажа Вадзім Саранчукоў.
Дарэчы, святочныя налепкі і паштоўкі можна ўзяць у краме «Цудоўня» (вул. Кірава, 3).
Нагадваем, ахвяраваць на правядзенне свята можна ў краме «Цудоўня» (вул. Кірава, 3)(https://vk.com/cudounia, https://www.facebook.com/Cudounia), альбо пазваніўшы на нумары +375 296 540 534 (Вадзім), ці +375 295 852 585 (Дзмітрый). А таксама на «Талацэ».