Хакейныя заўзятары Белаурсі арганізавалі збор подпісаў за адмену апошніх змен у галоўным чэмпіянаце краіны. Толькі ў Гродне за першыя два паўфінальныя матчы было сабрана больш за 900 подпісаў. У інтэрнэце створана петыцыя, якую таксама падпісваюць аматары хакею.

Заўзятары лічаць, што апошнія змены ў рэгламенце выглядаюць даволі сумніўнымі і прымушаюць задумацца аб іх мэтазгоднасці.

Што зменіцца?

У лютым адбылося пасяджэнне Выканаўчага камітэта Асацыяцыі «Федэрацыя хакея Рэспублікі Беларусь» (ФХБ), у працы якога таксама прынялі ўдзел кіраўнікі і галоўныя трэнеры клубаў Экстралігі, супрацоўнікі Міністэрства спорту і турызму, Нацыянальнага алімпійскага камітэта і ФХБ.

На пасяджэнні абмяркоўвалі, як павысіць узровень Адкрытага чэмпіянату Беларусі (АЧБ) і праз гэта палепшыць падрыхтоўку хакеістаў для зборнай. Па выніках былі прынятыя рашэнні наконт тэрмінаў, структуры і іншых важных параметраў правядзення АЧБ у трох будучых сезонах — да 2021 года.

У прыватнасці, было вырашана праводзіць спаборніцтвы АЧБ у двух дывізіёнах Экстралігі - A і B, а таксама ў Моладзевай лізе (цяперашняя назва «Вышэйшая ліга» павінна быць зменена на «Моладзевую лігу» пачынаючы з сезона 2018−2019 гг.), з магчымасцю ратацыі клубаў паміж дывізіёнамі А і В па спартовым прынцыпе. Таксама змяняюцца ўзроставыя ліміты і ліміты на легіянераў.

Хто яны, легіянеры да 25 гадоў з СНД?

Актыўны ўдзел у зборы подпісаў у краіне прымаюць менавіта заўзятары гродзенскага «Нёмана». Яны сумесна з заўзятарамi iншых беларускiх каманд стварылі петыцыю ў інтэрнэце і збіралі подпісы падчас паўфінальных матчаў.

Распавядае адзiн з прадстаўнікоў гродзенскiх заўзятараў:

«Прачытаўшы ўпершыню навіну пра змены ў рэгламенце, мы вельмі здзівіліся. Асабліва нас закранулі ўзроставыя ліміты і ліміты на легіянераў - паводле ўзросту і лакацый. Што тычыцца гульцоў 28+, то ў нас іх шмат, майстравітых i дасведчаных. У выніку рэформы атрымліваецца, што не моладзь павінна даказваць, біцца і канкураваць за месца пад сонцам, а тыя, хто сапраўды робіць наш хакей цікавым і відовішчным.

Абмежаванні да 5 выглядаюць сумнеўна і немэтазгодна. Штучнае замацаванне зборнай U20 у дывізіёне, А выглядае наогул абсурдна.

Што тычыцца легіянераў, тут яшчэ больш цікава. Увядзенне абмежаванняў на іх узрост, а таксама на тое, што яны павінны быць з краін СНД, не зайграныя за свае зборныя. Гэта прыводзяць толькі да адной высновы — пашпартызацыя. Хто яны, легіянеры да 25 гадоў з СНД? Гэта тыя, хто проста не патрэбен у чэмпіянатах і зборных сваіх краін. Гульцы даволі сумнеўнай якасці".

Лепш дзейнічаць, чым бяздзейнічаць

Заўзятары лічаць, што легіянеры, па сваёй сутнасці, павінны быць як мінімум на галаву вышэй за мясцовых хлопцаў, каб весці іх за сабой.

«А чаму змогуць навучыць ўмоўныя казахі да 25? Іншая справа — майстры з Чэхіі, Славакіі, Фінляндыі неабмежаваныя ўзроставым лімітам. У асноўным такія хакеісты прыносілі карысць і дапамагалі дасягаць добрых вынікаў на міжнародных арэнах. Такія легіянеры прыцягваюць масы на трыбуны. Бо ў манеры ігры кожнага прадстаўніка ёсць свая разыначка.

Гэтыя рэформы проста разбураць наш Чэмпіянат і знішчаць цікавасць гледачоў. Таму мы хоць неяк спрабуем выратаваць тое, што будавалася гадамі. Пагутарыўшы з заўзятарамі з многіх хакейных гарадоў краіны, мы прыйшлі да высновы, што лепш дзейнічаць, чым бяздзейнічаць".

«Назваць рэформы развіццём не паварочваецца язык»

Менавіта так з’явілася ідэя петыцыі. У ёй агавораны асабліва важныя моманты, якія выклікаюць сумневы ў заўзятараў. На 14 сакавіка, за два дні паўфінальных матчаў, заўзятары ў Гродне сабралі 922 подпісы. У інтэрнэце — каля 800.

«Дастаткова шмат неабыякавых людзей, якія супраць таго, што збіраецца зрабіць федэрацыя. Гродзенцы ахвотна падпісваюцца, бо ў нас вельмі любяць хакей і хвалююцца за яго лёс сэрцам і душой. Я вельмі спадзяюся, што наша федэрацыя прыслухаецца да меркавання грамадства, пойдзе нам насустрач і захавае тое, што ў нас цяпер ёсць. Мы павінны развіваць наш Чэмпіянат, а не губляць яго. А дадзеныя рэформы назваць развіццём не паварочваецца язык. Хочацца падзякаваць усім неабыякавых і тым, хто падпісаўся за падтрымку. Кожны подпіс вельмі важны для нас».

Падпісаць петыцыю можна тут.