У чацвер 15 сакавіка афіцыйна стала вядома, што мінскія «Крумкачы» не прыедуць у Гродна на другі матч ¼ фіналу Кубка Беларусі з «Нёманам». Каб не выпадаць з гульнявога рытму, замест «Крумкачоў» у суботу 17 сакавіка гродзенцы згуляюць таварыскі матч з «Лідай».
Другi кубкавы матч быў прызначаны на 17 сакавіка, але мiнская каманда загадзя накіравала ліст у адрас гродзенскага клуба і АБФФ, у якім гаворыцца, што «Крумкачы» маюць кантракты з недастатковай колькасцю гульцоў для ўдзелу ў матчы. Такім чынам у «Крумкачоў» чарговае тэхнічнае паражэнне і «Нёман» аўтаматычна праходзіць у паўфінал Кубка.
У гэты ж дзень, калі гродзенцы даведаліся, што «Крумкачы» не прыедуць на матч, была арганізавана адкрытая трэніроўка «Нёмана» на якой галоўны трэнер Ігар Кавалевіч распавёў пра вынікі міжсезоння i пра планы каманды.
Страцілі толькі двух гульцоў
«Нашу падрыхтоўку ацэняць афіцыйныя гульні. Агулам я задаволены ўмовамі і стаўленнем хлопцаў да справы. Сёлетні графік падрыхтоўкі мала змяніўся ад леташняга. Так, мы рыхтаваліся да кубкавай сустрэчы з «Крумкачамі», але, на жаль, так атрымалася, што прыйшлося змяняць свой графік. Калі б мы ведалі, што адразу пройдзем, то была б іншая праца, але нічога не зробіш, гэта жыццё. Апошнюю трэніроўку мы мадэлявалі зыходзячы з супернікаў - «Крумкачоў». У нас ёсць некалькі тактычных задумак на матчы для розных супернікаў.
За міжсезонне з асноўнага складу мы страцілі толькі двух гульцоў: Пашу Савіцкага і Уладзіслава Клімовіча. Сёння наша каманда на 95% укамплектавана i ў нас ёсць 16−17 чалавек, якiя выглядаюць вельмі добра, але ёсць і траўміраваныя".
Ігар Кавалевіч адзначае, што ў лазарэце каманды зараз знаходзіцца некалькі важных гульцоў: Арцём Канцавы, Максім Яблонскі, Мікалай Януш і Вячаслаў Глеб. Хтосьці з футбалістаў паспее аднавіцца да старту чэмпіянату.
У планах — Кубак і вышэйшае месца ў табліцы
«Каб не выпадаць з гульнявога рытму, замест „Крумкачоў“ у суботу 17 сакавіка мы згуляем таварыскі матч з „Лідай“. А з новага тыдня заязджаем зноў на турбазу „Нёман“ і будзем рыхтавацца да першага туру з „Віцебскам“. Заключны матч міжсезоння мы правядзем 24 сакавіка ў Літве супраць „Судовы“. Планы на сезон? Мы хочам заваяваць Кубак, а таксама падняцца вышэй за мінулагодняе месца ў турнірнай табліцы».
Першы тур чэмпіянату Беларусі пройдзе ў Гродне 30 сакавіка. «Нёман» будзе прымаць «Віцебск».
Некалькі фатаграфій з адкрытай трэніроўкі «Нёмана»: