“Пры першым жа зручным моманце беларушчына і незалежная журналістыка праб’ецца праз асфальт. Гэта закон жыцця. Ніякі жандарм, ніякая турма, ніякія драконаўскія законы не здолеюць гэтаму нічога супрацьпаставіць”, – словамі Міколы Маркевіча, які стварыў газету “Пагоня”, адкрылася выстава “Непадцэнзурная Гародня 1983−2018”.
– Выстава стала своеасаблівым летапісам свабоды слова ў Гродне за апошнія 30 год, – расказвае Вольга Корсун, адна з арганізатарак выставы. – Яна расказвае пра час, калі ў Гродне з’явіліся першыя непадцэнзурныя часопісы і газеты, пра пераслед журналістаў і іх змаганне за прафесію і права быць свабоднымі. Мы хацелі перадаць дух той эпохі. Гэта быў перыяд шалёнага ўздыму і свабоды слова. Таксама мы падкрэслілі характэрную рысу гарадзенцаў – жаданне быць свабодным. Мне падаецца, што ў нас асаблівыя людзі і ўвесь горад прапітаны прагай да свабоды.

Выстава распавядае пра развіццё журналістыкі ў Гродне з 1983 да 2018 года. Пра тое, як з’яўляліся і знікалі першыя непадцэнзурныя часопісы і газеты “Рэанімова”, “Пагоня”, “Біржа інфармацыі”, “Рэпарцёр” і Радыё НБК.
“Пагоня” і “Біржа інфармацыі” і сёння былі б паспяховымі праектамі”
На выставу сабраліся тыя людзі, якія яшчэ ў савецкі час стваралі непадцэнзурныя выданні. У іх прамовах былі і аптымістычныя, і песімістычныя прагнозы.
“Не думаю, што сёння можна вярнуць нешта назад. Час газет прайшоў. Прайшлі часы, калі журналісты былі ўладарамі думак, калі каля кіёскаў стаялі чэргі. Цяпер іншыя ўмовы”, – кажа Сяргей Астраўцоў, журналіст “Радыё Свабода”.
Медыяэксперт Вітаўт Руднік лічыць, што газеты “Пагоня” і “Біржа інфармацыі” і сёння былі б паспяховымі медыяпраектамі, але не газетамі, а сайтамі. Але аднавіць выданні не атрымалася.

Шмат размоваў вялося і пра журналісцкую салідарнасць. “Салідарнасць у тыя часы была вельмі моцная. І на суды хадзілі, і на акцыі. І гэты інструмент сапраўды працаваў”, – кажа Ірына Чарняўка. Алена Раўбецкая дадае, што на суды да журналістаў хадзілі і звычайныя грамадзяне. Зараз жа, кажа фрылансер Андрэй Мялешка, прафесійнай салідарнасці ён не адчувае.
“Не заўсёды ўсе газеты пісалі як “Савецкая Беларусія”
Выстава заняла ўсе сцены Цэнтра гарадскога жыцця. І гэта толькі 40% архіўных матэрыялаў, якія знайшлі арганізатары выставы. Яны некалькі месяцаў працавалі з архіўнымі дакументамі і фотаздымкамі ў бібліятэках і асабістых архівах герояў тых падзей.
Арганізатары спадзяюцца, што астатнія матэрыялы таксама ўбачаць свет у выглядзе кнігі ці музейнай экспазіцыі. Алена Раўбецкая, колішняя рэдактарка “Біржы інфармацыі”, лічыць, што выставу неабходна перанесці на большую пляцоўку. Туды варта запрашаць студэнтаў журналісцкіх факультэтаў, каб паказаць гісторыю гродзенскай журналістыкі.

– Сучасныя маладыя журналісты мала ведаюць пра важныя моман1ты ў гісторыі гарадзенскай незалежнай журналістыкі. Не заўсёды ўсе газеты пісалі як “Савецкая Беларусія”, не заўсёды быў прыгнёт і журналісцкая абыякаваць, – кажа Волга Корсун. – Гэта тая гісторыя, якой мы можам ганарыцца. Я спадзяюся, яна будзе вывучацца на новых факультэтах у новай Беларусі. Не ведаю, калі гэта будзе, але толькі ў нашых сілах наблізіць гэтую дату.
Даведка
Арганізавалі выставу пляцоўка HrodnaMediaRoom і Цэнтр гарадскога жыцця пры падтрымцы Беларускай асацыяцыі журналістаў. Выставу прысвяцілі стагоддзю абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Арганізатары лічаць, што менавіта гэта стала падмуркам да незалежнасці сучаснай Беларусі і дэмакратычных каштоўнасцей. У тым ліку, і свабоды слова.
Выставу можна будзе пабачыць да 3 красавіка.

















