Мясцовы дэпутат Алена Бераснева падключылася да абмеркавання будучыні двара на Ажэшкі, 42. Выказацца яе прасілі жыхары дома, якія за яе галасавалі. Нагадаем, жыхары незадаволеныя, што ў іх двары з’явіцца двухпавярховае кафэ.

Заказчыку гэтую тэрыторыю пад забудову прадаставіў горад наўзамен знесенай чабурэчнай на вуліцы Ціміразева. Чабурэчную знеслі, бо генплан прадугледжвае там будаўніцтва дарогі.

Чытайце яшчэ:  "Дзе дэпутат Бераснева?" Жыхары Ажэшкі зноў выйшлі супраць кафэ ў іх двары
Цягам двух тыдняў жыхары дома сустракаліся ў двары з прадстаўнікамі гарвыканкама і заказчыкам. Але бакі не прыйшлі да адзінага меркавання. На апошняй сустрэчы жыхары дома былі абураныя, што іх не падтрымлівае новаабраны дэпутат Алена Бераснева.

Як даведаўся Hrodna.life, наўпрост да Алены Берасневай ніхто з жыхароў дома па вуліцы Ажэшкі не звяртаўся. Пра іх абурэнне яна даведалася з СМІ.

Дэпутатка будзе гатова прыняць незадаволеных, калі дасканала вывучыць сітуацыю з будаўніцтвам. Хутчэй за ўсё, сустрэча адбудзецца пасля выходных у мясовым ЖЭСе. Пра дату і час сустрэчы жыхароў дома паінфармуюць загадзя.

Чытайце яшчэ:  «Не гіганцкі ангар сеткавага абслугоўвання». Чаму трэба будаваць кавярню ў двары дома, тлумачыць архітэктар Аляксандр Штэн