Чарговы матч пары сканчаецца перамогай гродзенскай каманды. У панядзелак 5 сакавіка хакеісты «Нёмана» ў Наваполацку абыгралі «Хімік» з лікам 3: 1. Цяпер каманду Сяргея Пушкова ад выхаду ў наступную стадыю плэй-оф аддзяляе адна перамога.
«Хімік» на сваёй пляцоўцы стараўся гуляць яшчэ больш актыўней, чым у Гродне. Гэта было прыкметна асабліва па першаму перыяду. Гаспадары сыходзілі на перапынак пры ліку 1:0.
У другім перыядзе гродзенцам удалося зраўняць лік, дзякуючы шайбе Пасюта. А зыход матчу быў вырашаны ў трэцяй дваццаціхвілінцы. Два дакладных кідка Грыня ў пачатку перыяду і ў канцы, прынеслі «Нёману» трэцюю перамогу ў плэй-оф.
«Хімік» — «Нёман» 1: 3 (1: 0, 0: 1, 0: 2)
галы:
07.32 1: 0 — Шагаў (Каваленя, Магераў)
31.58 1: 1 — Пасют (Кіслы, Баярчук)
41.37 1: 2 — Грынь (Метлюк, Лісічкін)
59.57 1: 3 — Грынь (пустыя вароты)
Сяргей Пушкоў пасля матчу:
— Магу адно сказаць: лiк не адлюстроўвае рэчаіснасці. Магло быць 6: 5, 5: 4, таму што каманды стварылі вельмі шмат момантаў на лядовай пляцоўцы. Мы правялі самую сапраўдную кубкавую гульню. Добрыя былі гаспадары. Сваёй актыўнасцю стварылі нам шмат праблем. У нас шмат чаго не атрымлівалася. Па тых момантах, якія стваралі абедзве каманды, лiк павінен быць больш. Варта адзначыць гульню брамнікаў, таму лiк доўга не мяняўся. Гульня спадабалася.
Чарговы матч паміж камандамі пройдзе ў Наваполацку 6 сакавіка.
Лік у серыі (да 4-ох перамог): «Нёман» — «Хімік» 3: 0