Напрыканцы лютага на Дзевятоўцы хлопчык падрапаў сем аўтамабіляў. На шасці з іх ён намаляваў лічбы два і дзесяць, а на адным напісаў нецэнзурнае слова.
Спачатку падрапанай сваю машыну знайшоў адзін з жыхароў. Пазней праваахоўнікі выявілі яшчэ шэсць аўто з такімі ж пашкоджаннямі, паведамляюць ва УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Супрацоўнікі міліцыі сталі апытваць жыхароў найбліжэйшых дамоў. Некаторыя з іх растлумачылі, што бачылі двух дзяцей, якія могуць быць датычныя да здарэння.
Аднаго з непаўналетніх выклікалі на размову разам з мамай. Жанчына сама распытала дзіця, пасля чаго ён прызнаўся ў зробленым. Хлопчык растлумачыў, што яму было сумна, ён знайшоў крэйды і вырашыў не маляваць на асфальце, як рабіла яго старэйшая сястра, а скрасіць сваёй творчасцю прыпаркаваныя аўтамабілі.