Сёння будзе дакладна пяць гадоў, як на свет з’явілася першая беларуская настольная гульня «Паўстанцы». Тады, у 2013 годзе, яна зрабілася сапраўдным вынаходніцтвам і задала добрую хвалю з’яўлення шэрагу новых беларускіх настольных гульняў. Які шлях прайшла гульня за пяць гадоў і які яе далейшы лёс, распавёў аўтар Антон Янкоўскі.
Як сустрэлі беларусы гульню
На прэзентацыях і ў Гародні, і ў Мінску збіралася вялікая колькасць людзей. Беларусы сустрэлі гульню вельмі цёпла. Нам гэта было асабліва прыемна, бо ідэя, якая ўзнікла з жарту і жадання зрабіць нешта адметна беларускае, вылілася ў паспяховы праект. Вельмі было прыемна, што да «Паўстанцаў» адчувалася цікавасць як з боку моладзі, так і з боку старэйшага пакалення.
Такая цікавасць тлумачылася некалькімі прычынамі. Па-першае, гэта было нешта новае. Прынамсі, да нас настолак на беларускай мове яшчэ ніхто не ствараў. Па-другое, вельмі добра была выбраная тэма гульні, ці, як модна казаць у коле настольшчыкаў, добра падабраны сэтынг. Паўстанне 1863 года — адметная дата ў гісторыі нашай краіны. Тут было многа патрыятызму, але таксама і «здрадніцтва», што стала галоўным у нашай гульні. У 2013 годзе мы трапілі ў вельмі пазітыўную хвалю з нашым праектам.
[irp posts="48 691″ name="Гродзенцы зрабілі бізнес на настольных гульнях пра паўстанцаў і хочуць здзівіць Еўропу"]
Будуць новыя гістарычныя праекты
«Паўстанцы» задалі кірунак новаму этапу ў нашым жыцці, якое мы з жонкай з таго часу звязалі з настольнымі гульнямі. Натхнёныя паспяховым праектам, мы адкрылі ў Гародні краму настолак, арганізавалі свой фестываль, а цяпер зноў вярнуліся да стварэння ўласных праектаў. Цягам апошніх гадоў з камандай сяброў мы выпусцілі некалі новых цікавых настольных гульняў і не збіраемся на гэтым спыняцца.
Мы плануем выдаць некалькі простых і вясёлых гульняў - драўляных і картачных. Самае цікавае, чым хацелася б пахваліцца, — гэта тое, што акрамя «Паўстанцаў» мы рыхтуем яшчэ цэлыя два гістарычныя праекты. Пакуль яны на стадыі распрацоўкі і тэставання, пошуку дызайну. Нават іх назвы яшчэ канчаткова не зацверджаныя, але ўжо цяпер скажам, што вельмі многа ўвагі надаем гэтым праектам. Гэта будуць гульні, звязаныя з найбольш важнымі датамі беларускай гісторыі, а таксама з друкарствам.
Што будзе з гульнёй далей
Гульню чакае перавыданне. Сёлета выйдзе новы тыраж «Паўстанцаў», дзе яны будуць абноўленыя і аздобленыя цікавымі дадаткамі. Чакаецца новы дызайн, новы фармат картак і каробкі. Мы стварылі да гульні дадатак «Зброя-Праклён», які зробіць яе больш дынамічнай. Будзем вельмі намагацца, каб абноўленых «Паўстанцаў» аматары настольных гульняў і беларускай гісторыі пабачылі да канца вясны. Нецярплівым хочам нагадаць, што за развіццём праекта можна сачыць у сацыяльных сетках.
Крыніца «Будзьма»