Таварыскі матч па міні-футболе паміж зборнай святароў Гродзенскай дыяцэзіі і камандай Навагрудскага раённага аддзела ўнутраных спраў прайшоў 26 лютага ў Навагрудку, піша catholic.by.

Сярод членаў зборнай дыяцэзіі — святары з Гродна, Каробчыцаў, Геранёнаў і іншых месцаў дыяцэзіі. Капітан каманды — пробашч гродзенскай парафіі Святога Духа кс. Павел Салабуда.

У складзе каманды РАУС — дзеючыя супрацоўнікі на чале з першым намеснікам начальніка Віктарам Шайпаком. Суддзямі выступілі выкладчыкі ліцэя і дзіцячай юнацкай спартыўнай школы ў Навагрудку.

Лік у гульні адкрылі супрацоўнікі міліцыі, аднак святарам удалося зраўнаваць лік, а затым выйсці наперад. Вынік гульні — 5:3 на карысць зборнай Гродзенскай дыяцэзіі.

«Акрамя чэмпіянатаў мы праводзім таварыскія гульні, каб паказаць, што святары — гэта звычайныя людзі, у якіх ёсць інтарэсы і захапленні, якія займаюцца спортам», — адзначыў кс. Павел Салабуда.

У 2014 годзе ў Лідзе прайшоў чэмпіянат Еўропы па міні-футболе, у якім удзельнічалі 170 каталіцкіх святароў з Аўстрыі, Босніі і Герцагавіны, Беларусі, Венгрыі, Партугаліі, Польшчы, Румыніі, Славакіі, Славеніі, Харватыі, Чарнагорыі, Украіны і Казахстана.

Гродзенскія святары абыгралі ў футбольным матчы каманду міліцыі

Гродзенскія святары абыгралі ў футбольным матчы каманду міліцыі