Нягледзячы на тое, што ад сёння перавозчыкі нерэгулярных міжгародніх рэйсаў не маюць права працаваць па старых правілах, гарадзенскія прадпрымальнікі рэйсаў не адмянялі. “Будзем перавозіць да першай канфіскацыі аўтобуса”, – распавяла дыспетчар кампаніі minsk-grodno.by.

На сайце перавозчыка чырвоным радком змяшчаецца заклік падтрымаць заказных перавозчыкаў і ўступіць у групу вк па падтрымцы перавозчыкаў Беларусі, якія па новых правілах мусяць з “нерэгуряшчыкаў” перайсці ў катэгорыю “рэгуляршчыкаў”. Для гэтага трэба заключаць дамовы з аператарамі, адпраўляцца ў рэйс з аўтавакзала па зацверджаным графіку і маршруце, выконваючы яшчэ шэраг умоваў.

– Перавозчыкі не хочуць пераходзіць пад аўтавакзал, – патлумачыла Hrodna.life дыспетчар перавозчыка minsk-grodno.by. -Вы зразумейце, у нас не шалёныя заробкі. Нягледзячы на падвышэнне мінімалкі, падаражэнне паліва, мы стабільна трымаем адзін кошт на рэйс Гродна-Мінск – 12 рублёў за 300 км адлегласці. Да таго ж мы набываем страхоўкі пасажырам. Калі мы пяройдзем да аўтавакзала, з свайго прыбытку мы атрымаем толькі каля 40%, то бок мы нічога не заробім. Сабекошт квітка моцна падаражэе. Да таго ж аўтавакзал усіх узяць не здолее, пасля арганізуе конкурс і перавозчыкі з больш старымі машынамі яго прайграюць.

Паралізуецца ўся Беларусь, як гэта здарылася сёння з Полацкам, – дадала дыспетчарка.

Кампанія адпраўляе машыны ў рэйс кожныя паўгадзіны, пачынаючы з 3.30.

– Вы не ўяўляеце, які шквал званкоў ад пасажыраў мы атрымалі ў сувязі з новымі правіламі. Людзі баяцца, што застануцца без маршрутак. Адна жанчына пазваніла і плакала, што не будзе бачыць сына-студэнта – не будзе нам чым ездзіць. Як мы ў такіх умовах спынім перавозкі? Моцныя халады, хутка святы, людзям трэба ездзіць. На сходзе вырашылі, што будзем ездзіць да першай канфіскацыі машыны. А пасажыры кажуць, што калі трэба, выйдуць з транспарантамі. Спадзяюся, што дзяржава пачуе калі не нас, то людзей, – разважае дыспетчарка.

Па яе словах, галоўны канкурэнт – перавозчык m6express.by – таксама паездкі пакуль не спыніў. У кампаніі пацвердзілі, што перавозяць людзей без зменаў.

Адпраўляюцца надалей прыватныя маршруткі з Гродна і ў Навагрудак. Кампанія novobus.by арганізуе да 10 рэйсаў у Навагрудак па 8 рублёў за квіток. Пасажыры актыўна замаўляюць білеты і хвалююцца, ці будуць вазіць і надалей. З гродзенскага аўтавакзала да Навагрудка ёсць каля сямі варыянтаў даезду, самы танны квіток – 8.55 рублёў.

У групе ВК “Транспорт Беларусь” , дзе амаль 16 тысяч удзельнікаў, прадпрымальнікі апублікавалі сваё бачанне адказаў намесніка міністра транспарта Аляксандра Шышко.

Нагадаем, у суботу чыноўнік патлумачыў, ці застануцца перавозчыкі нерэгулярных рэйсаў без працы:

– Яны проста павінны заключыць дамовы на рэгулярныя перавозкі на маршрутах, па якіх працуюць. У рэгулярных перавозчыкаў ёсць расклад руху, маршрут, у дамове адзначаныя ўсе патрабаванні, якія трэба выконваць, – цытуе БелТА намесніка міністра. – Чаму некаторыя з іх не хочуць заключаць дамовы? Бо патрабаванні жорсткія, якія тычацца ў тым ліку рэжыма працы і адпачынку кіроўцы, хуткаснага рэжыму.

Чыноўнік падкрэсліў, што для Мінтранса самае галоўнае – забяспечыць бяспеку пасажыраў, для гэтага трэба ўсталяваць кантроль.

На сайце petitions.by 23 лютага запусцілі петыцыю “Падтрымай транспарт Беларусі, захавай маршруткі”, у якой аўтары просяць унесці папраўкі ў Закон “Аб аўтамабільных перавозках”, якія не будуць перашкаджаць працы прыватных перавозчыкаў. На сёння петыцыю падпісала 3569 чалавек, аўтары хочуць сабраць 5 тысяч подпісаў.

23 лютага гэтага года ўступілі ў моц змены ў Закон “Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках”. Новы дакумент уносіць змены ў працу перавозчыкаў, якія ездзілі па міжгародніх маршрутах. У некаторых рэгіёнах, напрыклад, Полацку, некаторыя прадпрымальнікі ад сёння адмянілі рэйсы.